Я. Максімюк: "Размова ідзе пра некалькі дзесяткаў тысяч маладых, сацыяльна мабільных людзей, для якіх эканамічныя і палітычныя умовы жыцьця ў Беларусі ня надта прывабныя"
Палякі, напрыклад, кажуць, што 900 тысяч людзей на Беларусі можа тэарэтычна атрымаць такую "карту". Можна задаць сабе пытаньне, адкуль такая лічба бярэцца, чаму палякі так упарта ігнаруюць лічбу 400 тысяч палякаў у Беларусі, якая фігуруе ў перапісу. Я падазраю, што справа ідзе не пра колькасьць людзей, якія дэкляруюць сябе палякамі, а фактычна пра колькасьць людзей каталіцкага веравызнаньня ці з каталіцкімі каранямі. Я думаю, што "карта паляка" нанава ўздымае гэтае праклятае беларускае пытаньне апошняга стагодзьдзя: каталік у Беларусі -- гэта абавязкова паляк ці ён можа быць і беларусам?