Грамадзянін Беларусі Кірыла Сілівончык, які адседзеў два гады ў Расейскай Фэдэрацыі па абвінавачваньні ў публічных закліках да тэрарызму за пасты ў сацыяльных сетках, будзе дэпартаваны на Радзіму. Такое рашэньне прыняў Сормаўскі раённы суд 16 сьнежня.
Раніцай пасьля выхаду з калёніі Сілівончыка вывезьлі ў невядомым кірунку. Цяпер суд зьмясьціў яго ў Цэнтар часовага ўтрыманьня мігрантаў на тэрмін да трох месяцаў. Пра гэта расейскаму ovdinfo.org па тэлефоне распавяла актывістка Кацярына Максімава.
Беларуская журналістка Ірына Халіп адзначае, што адміністрацыя калёніі перад меркаваным выхадам Сілівончыка на свабоду купіла яму білет на цягнік.
Халіп заявіла, што Сілівончык адразу пасьля вызваленьня меў намер пакінуць межы Расеі:
«Увосень у калёнію прыйшло распараджэньне міністэрства юстыцыі Расеі за подпісам намесьніка міністра Алу Алханавым аб прызнаньні знаходжаньня грамадзяніна Сілівончыка К.В. на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі непажаданым. А гэта значыць, што ў яго пасьля калёніі два варыянты, прычым выбар робіць ня ён: або квіток на цягнік, набыты апэратыўнікамі, або ў міграцыйную турму да дэпартацыі А рашэньне аб дэпартацыі можа і зацягнуцца: на носе навагоднія сьвяты і доўгія расейскія канікулы».
Сілівончык зьвярнуўся ў беларускае консульства з просьбай пасадзейнічаць яго адʼезду на радзіму пасьля вызваленьня, паведаміла Халіп. Пры гэтым палітвязень падкрэсьліў, што грошы на квіток у яго ёсьць. Аднак дыпляматы адказалі яму, што сродкаў «для аказаньня грашовай дапамогі ў дадзенай сытуацыі» бюджэтам не прадугледжана.
Паводле Халіп, за ўвесь час зьняволеньня беларускі консул наведаў Сілівончыка толькі аднойчы:
«Ну добра, лянота ісьці ў турму. Але хоць бы зварот грамадзяніна да канца дачытаць можна было, хлопцы-дыпляматы? І зразумець, што ён грошай у вас не просіць».
***
Падставай для крымінальнага перасьледу Сілівончыка сталі карцінкі, апублікаваныя ім на старонцы ў сацсетцы «УКантакце». На адной з іх быў намаляваны ўкраінскі вайсковец, які завязвае вузлом шыю двухгаловай курыцы, да хваста якога прывязаная ануча з палос белага, сіняга і чырвонага колераў. Сілівончыку інкрымінавалі таксама заклік «Забівай маскалёў». Аднак пазьней беларускі праваабаронца Павел Юхневіч сьцьвярджаў, што гэтыя словы не знаходзяцца нават у кэшы старонкі асуджанага.
Вольнае пасяленьне для асуджанага ў Расеі беларуса Кірылы Сілівончыка — не такое ўжо й вольнае
У верасьні 2016 году Сілівончыку было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Акрамя таго, паведамлялася, што ён знаходзіцца на прафіляктычным уліку як чалавек, «які вывучае, прапагандуе і вызнае экстрэмісцкую ідэалёгію»