«Каранавірус нікому нічога добрага не зрабіў, у тым ліку авіябізнэсу», — кажа генэральны дырэктар «Белавія» ў маркетынгу Ігар Чаргінец.
Расейскія перавозьнікі «Победа» і S7 уводзяць паслугу звароту ўсіх квіткоў бяз штрафаў на ўсе паездкі. У даведачнай службе беларускай кампаніі «Белавія» кажуць, што вяртаюць квіткі паводле ранейшай схемы.
Намесьнік генэральнага дырэктара «Белавія» ў маркетынгу і замежнаэканамічнай дзейнасьці Ігар Чаргінец сказаў карэспандэнту Свабоды, што авіякампанія рэагуе на сытуацыю з каранавірусам.
«Мы рэагуем на гэты выклік, глядзім, што адбываецца. Мы крыху скарацілі частату выкананьня палётаў у Мілян, адмянілі цяпер вось рэйсы ў Ашхабад. Пакуль іншых такіх рашэньняў няма, — сказаў Ігар Чаргінец. — Безумоўна, каранавірус не дадаў кампаніям даходаў і прыбытку. Каранавірус нікому нічога добрага не зрабіў, у тым ліку авіябізнэсу», — сказаў ён.
Паводле ацэнак, усясьветная грамадзянская авіяцыя тэарэтычна можа страціць мільярды даляраў.
«Колькі гэта складае цяпер для канкрэтнай авіякампаніі, для канкрэтнай авіялініі, напэўна, ніводная авіякампанія пакуль сказаць ня можа», — сказаў Ігар Чаргінец.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ