Жытомірскія памежнікі супольна з супрацоўнікамі Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны канфіскавалі ў 61-гадовага беларуса калекцыю старых грошай, якія ён спрабаваў вывезьці з украінскай тэрыторыі ў Беларусь.
«Пры правядзеньні кантрольных мерапрыемстваў праваахоўнікі на заднім сядзеньні аўтамабіля сярод асабістых рэчаў выявілі 170 старадаўніх грашовых купюр рознага наміналу пэрыяду царскай Расеі і Савецкага саюзу, 1000 старадаўніх манэт і жэтонаў і 500 значкоў і эмблем часоў СССР», — паведамілі Радыё Свабода ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы.
Украінскія памежнікі паінфармавалі пра гэты выпадак упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Жытомірскай вобласьці, а канфіскаваныя банкноты, манэты, жэтоны, значкі і эмблемы накіравалі на экспэртызу для вывучэньня іх гістарычнай і культурнай каштоўнасьці.