Да 31 жніўня 2017 году скасаваныя мытныя пошліны на ўвоз электрамабіляў у краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Рашэньне прынятае радай Эўразійскай эканамічнай камісіі з мэтай падтрымкі рынку электрамабіляў у краінах саюзу — Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі.
Стаўка мытнай пошліны на легкавыя электрамабілі зьніжаецца з 17% да 0%, а на грузавыя з поўнай масай да 5 тон — з 15% да 5%. Дадзенае рашэньне ня тычыцца аўтамабіляў з гібрыдным рухавіком.
Як адзначыла прэс-служба камісіі, рынак электрамабіляў у названых краінах па-ранейшаму адчувальны да цаны. Ад 1 лютага 2014 году да 31 сьнежня 2015 году на электрамабілі ўжо дзейнічала нулявая стаўка ўвазнога мыта. Дзякуючы гэтаму, у 2015-м на тэрыторыю Эўразійскага эканамічнага саюзу было ўвезена 684 электрамабілі з ЗША, Кітая і Японіі, а ў студзені-красавіку 2016-га, калі мыта вярнулі, — толькі 28.
Скасаваньне пошліны закліканае стымуляваць выкарыстаньне экалягічна чыстага транспарту і стварыць умовы для фармаваньня рынку электрамабіляў. У сваю чаргу, шырокае выкарыстаньне такіх легкавікоў і грузавікоў павінна стымуляваць разьвіцьцё аб’ектаў зараднай інфраструктуры.
Ці будзе ў наступным годзе падоўжана гэтая мера — залежыць ад тэндэнцый на рынку, а таксама ад таго, ці будзе ў краінах саюзу наладжана сэрыйная вытворчасьць электрамабіляў.