Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сындром Фабэржэ


Невядомая хвароба косіць шэрагі беларускіх мужчын — як толькі мужчына сядае, ягоныя геніталіі павялічваюцца ў некалькі разоў, ён ня можа стрымліваць гэтае напружаньне і рассоўвае ногі як мага шырэй. Тыповая карціна ў грамадзкім транспарце: мужчына займае фактычна паўтара месца, жанчына побач сьціпла скукожваецца, закідваючы нага за нагу і прыціскаючыся да дальняга ад суседа бока сядзеньня.

Гэтая хвароба ўплывае ня толькі на фізычны, але і на псыхалягічны стан ахвяры — яна робіць мужчыну няздольным адэкватна ўспрымаць заўвагі, падвышае ўзровень агрэсіўнасьці і фактычна пазбаўляе магчымасьці выбачацца за свае паводзіны. Хвораму вельмі цяжка, і ён падчас прыступу наўпрост забывае пра тое, што жыве ў соцыюме, што існуюць базавыя правілы паводзінаў у грамадзкіх месцах, што ён аплаціў усяго толькі адно месца ў мэтро.

Лепш бы гэтая хвароба насамрэч існавала — было б ня так крыўдна. Мэдыкі праводзілі б дасьледаваньні, спрабавалі б высьветліць характар захворваньня і шляхі перадачы, трацілі б вялікія сумы грошай на распрацоўку эфэктыўных мэдыкамэнтаў. Псыхатэрапія, гіпнатэрапія, гомэапатычныя сродкі, правільны рэжым сну, здаровае харчаваньне, прыкладваньне капусты і маляваньне ёднай сеткі, сьвятая вада і урынатэрапія — мужчынам прапаноўвалі б усе магчымыя традыцыйныя і нетрадыцыйныя спосабы лекаваньня.

Супрацоўніцы і супрацоўнікі тысячаў кол-цэнтраў па ўсім сьвеце абрывалі б нашыя хатнія тэлефоны і запрашалі б на прэзэнтацыі новых прадуктаў у мясцовыя гатэлі. Валанцёрскія каманды хадзілі б «ад дзьвярэй да дзьвярэй» і прапаноўвалі разам чытаць даведнік па анатоміі чалавека. У супэрмаркетах праводзілі б зборы сродкаў для бясплатнай выдачы лекаў хворым мужчынам. Атрымаць лекі бясплатна можна было б у спэцыяльных мэдыцынскіх цэнтрах, якія існавалі б у кожным населеным пункце.

Першы дзень вясны быў бы абвешчаны Днём Салідарнасьці з Мужчынамі, што Пакутуюць ад Сындрому Фабэржэ. На білбордах была б сацыяльная рэкляма, якая заклікала б цярпліва ставіцца да носьбітаў сындрому, рэгулярна праходзіць адмысловыя тэсты і своечасова зьвяртацца па дапамогу. У школах праводзіліся б конкурсы сацыяльных плякатаў, на вуліцах раздавалі б інфармацыйныя ўлёткі і стужкі-сымбалі (іх чаплялі б на вопратку альбо заплечнікі). Найбольш папулярнымі ў сацыяльных сетках у гэты дзень былі б хэштэгі #СтопФабэржэ і #JeSuisFabergé.

Родныя носьбітаў гэтага сындрому стваралі б групы ўзаемадапамогі, дзе дзяліліся б досьведам змаганьня і пераадоленьня: «Нашае жыцьцё было такім самым, як і ў іншых звычайных сем’ях, але месяц таму я заўважыла, што муж пачаў рассоўваць ногі, калі сядаў. Спачатку гэта было ня надта бачна, і я спадзявалася, што ўсё пройдзе само, але праз два тыдні сымптомы зрабіліся настолькі выразнымі, што мы ўсёй сям’ёй угаворвалі яго зьвярнуцца да мэдыкаў. Цяпер ён адаптуецца да лекаў. На шчасьце, пабочных эфэктаў амаль няма».

Мяркую, жанчыны ахвотна займаліся б фінансаваньнем усіх гэтых праектаў і нават спрабавалі б дамагчыся дзяржаўнай падтрымкі. Калі б толькі гэтая хвароба і праўда існавала. Але ж мужчыны, што займаюць амаль што два месцы ў трамваі, збольшага ня маюць праблем з паталягічным павелічэньнем памераў геніталій. Ім проста зручна так сядзець. І хай увесь сьвет, як кажуць, пачакае.

Тым ня менш, кожны раз, калі хтосьці спрабуе адсунуць мае ногі ў кут, рассоўваючы свае калені амаль на два сядзеньні, я проста не дазваляю гэтага зрабіць. А калі мужчына пачынае ціснуць мацней, заклапочана запытваюся, ці не параіць яму добрага ўроляга. Можа сындром Фабэржэ ўсё ж існуе, а мы пра яго проста ня ведаем. Раптам аднойчы падчас агляду чарговага пацыента доктар ускрыкне «Эўрыка!» Тады ўсё, прынамсі, ўстане на свае месцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG