Археолягі з Інстытуту гісторыі НАН Беларусі знайшлі падмурак невядомай рэзыдэнцыі XVI-XVII стагодзьдзяў каля Мірскага замку. Раней лічылася, што на месцы руінаў стаяў толькі палац XX стагодзьдзя.
У канцы 2015 году Інстытут гісторыі НАН і музэй «Замкавы комплекс «Мір» падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве. У межах гэтага пагадненьня 4 ліпеня група археолягаў прыехала ў Мір. Цягам двух тыдняў навукоўцы мусілі правесьці раскопкі на месцы, дзе стаяў палац князёў Сьвятаполк-Мірскіх. Заўжды лічылася, што палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагодзьдзя.
Нечакана для навукоўцаў раскопкі давялося падоўжыць да аднаго месяцу. Пад сьмецьцем, якое назьбіралася за апошнія сто год, яны знайшлі падмурак будынку, узьведзенага на мяжы XVI і XVII стагодзьдзяў.
Раней ніхто не задумваўся, ці было штосьці на месцы палацу Сьвятаполк-Мірскіх. Да нашых дзён захаваліся толькі дзьве выявы самога палацу. Ён згарэў ад пажару ў часы Першай сусьветнай вайны, калі ў Міры стаялі казакі.
Потым на месцы палацу была сьметніца, і да нашага часу зь зямлі выступала толькі некалькі кавалкаў сьценаў.
Час пабудовы старэйшага будынку вызначылі па цэгле-пальчатцы. Гэты тып будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваўся толькі у XVI і XVII стагодзьдзях. Памеры цэглы ў Міры характэрныя да канца XVI — пачатку XVII. У гэты час Мір належаў Радзівілам.
«Атрымліваецца, што палац Сьвятаполк-Мірскіх пабудаваны на падмурку дому у фальварку Замір’е часоў Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі», — сказала Свабодзе Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН, якая кіруе раскопкамі.
Па словах археоляга, акурат з канца XVI стагодзьдзя вакол замкаў пачалі ўзьнікаць фальваркі. Туды пераносіліся ўсе гаспадарчыя функцыі замкаў: гароды, палі, бровары, захоўваньне збожжа. У часы «Сіроткі», верагодна, у фальварку Замір’е жыў намесьнік гаспадара.
Матэрыялы пабудовы аналягічныя матэрыялам, зь якіх пабудаваны Мірскі замак. На месцы знайшлі мала побытавых рэчаў. Гэта прыкмета таго, што будынак даглядаўся і яго трымалі ў чысьціні.
Найбольшая калекцыя знойдзеных артэфактаў — будаўнічыя матэрыялы. Кафля ад ручнога вырабу зь мяжы XVI-XVII да фабрычнага пачатку XX стагодзьдзя. Тут таксама знойдзеныя тры гатункі дахоўкі з розных эпох.
5 жніўня раскопкі скончыліся. Але Ірына Ганецкая яшчэ месяц правядзе ў Міры, каб скласьці рэестар знойдзеных артэфактаў і правесьці фіксацыю раскопу і выяўленых будаўнічых канструкцый.
Падчас працы археолягі вывучылі тэрыторыю ў 200 квадратных мэтраў. Яны адкрылі больш за палову ад усіх падмуркаў. Над паўднёвай часткай цяпер разьбітыя гароды мясцовых жыхароў, якія жывуць у флігелі пачатку XX стагодзьдзя.
«Раскопкі, безумоўна, трэба працягваць, — кажа Ганецкая. — Фальварак — гэта рэзыдэнцыя і гаспадарчы комплекс — неад’емная частка замку. Апроч жылога дому ў Замір’і можна дасьледаваць і іншыя пабудовы. Тут шмат чаго даступна для дасьледаваньняў».
Раскопкі праводзіліся на замову і за кошт музэю. Раскапаныя падмуркі плянуюць выкарыстоўваць у якасьці музэйнай атракцыі. Але да канца працы яны будуць агароджаныя, паколькі тут ёсьць нераскрытыя і небясьпечныя сутарэньні.