Рамазан у Беларусі

Рамазан у Беларусі

Рамазан — сьвяточны месяц у мусульманаў. Падчас якога ад сьвітанку і да заходу сонца мусульмане трымаюць пост: не ядуць і ня пʼюць.
Рамазан яшчэ называюць месяцам Карану. Гэта месяц чытаньня і вывучэньня Карану, развагаў над ім.
Мусульманкі ў Менску чакаюць на іфтар (урачыстая вячэра пасьля заходу сонца). Традыцыйна жанчыны-мусульманкі моляцца асобна ад мужчынаў за агароджаю і нават маюць свой асобны ўваход у мячэць.
Культура Рамазана прадугледжвае штовечар зьбірацца на малітву і спажываць вячэру грамадою.
Разгаўляюцца звычайна вадой і фінікамі, падрыхтаванымі загадзя.
Мусульмане абмяркоўваюць значнасьць Рамазана перад іфтарам. Акрамя адмовы ад ежы і вады, гэта яшчэ і месяц добрых учынкаў, спакойнага і разважлівага стаўленьня да жыцьця
Першы глыток вады пасьля іфтару. Як толькі сонца села, перад малітваю абавязкова трэба зрабіць глыток вады ці зьесьці кавалачак ежы.
Штовечар на вячэрні намаз у Менску зьбіраецца каля 200 чалавек.
Старыя маленькія будынкі, дзе маліліся раней ужо зьнесеныя. У новую мячэць пакуль яшчэ не зусім «пераехалі», урачыстае адкрыцьцё плянуецца прыблізна празь месяц.
Мужчына амаль штодзень цягам месяца Рамазана прыходзіў у мячэць і чытаў Каран.
Перад малітваю мусульмане звычайна ўмываюцца, а на ўваходзе ў мячэць здымаюць абутак. Месца, на якім моляцца, павінна быць рытуальна чыстым.
«Мы адчуем сябе вельмі ўтульна ў Беларусі, займаемся сваёй рэлігіяй, і нам ніхто не перашкаджае» — кажа імам Альшафі Омар
Апошні пятнічны намаз Рамазана прайшоў на вуліцы, нягледзячы на сьпякоту.
У апошнія дні Рамазана многія мусульмане смуткуюць. Нягледзячы на невыгоды посту, жыцьцё без вады і ежы ў сьпёку ў самыя даўгія дні ў годзе, для іх гэты месяц-сьвята.
Жанчынам і мужчынам нельга сядаць і маліца разам, таму яна ідзе ў жаночую палову. Жанчыны таксама як і мужчыны перад намазам, абмяркоўваюць надзённае, а таксама дзеляцца рэцэптамі і нумарамі тэлефонаў швачак, дзе можна пашыць летняе ўбраньне.
«Ноч наканаваньня» — сьвятая ноч. Мусульмане ня ведаюць загадзя, каторая з начэй будзе менавіта той, аднак маюць пэўныя знакі, каб пазнаць яе.
Лічыцца, што ў гэтую ноч Мухамаду зьявіўся арханёл Джабраіл, паказаў на скрутак і сказаў «Чытай!» (Каран).
У гэтую ноч ёсьць звычай прасіць прабачэньня ў Бога за грахі і чытаць Каран, а таксама гаварыць дуа (просьбы-модлы да Алаха), бо «Алах вельмі любіць, калі да яго зьвяртаюцца і просяць аб дапамозе».
Многія мусульмане застаюцца ў гэтую ноч у мячэці даўжэй, часам нават да сьвітанку.
Гэта апошні іфтар пасьля посту. Аднак некаторыя ня радуюцца сканчэньню выпрабаваньняў і нават сумуюць, што Рамазан скончыўся.
Сьвяточны намаз у гонар заканчэньня Рамазана, які называецца Ід аль-Фітр (ці Ураза́-байра́м).
Мусульмане віншуюць адно аднаго.
І прымаюць сьвяточныя пачастункі, бо дзяліцца ежаю і частаваць адно аднаго — частка культуры Рамазана і ісламу наогул.
Падзяліся з сябрамі