Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я самы шчасьлівы ва Ўкраіне беларускі паэт». Як у Кіеве віталі Хадановіча. ФОТА


Падчас паэтычнай вечарыны Андрэя Хадановіча ў Кіеве
Падчас паэтычнай вечарыны Андрэя Хадановіча ў Кіеве

Рэпартаж Свабоды з паэтычнай вечарыны беларускага паэта Андрэя Хадановіча ў Кіеве.

20 лістапада ў кіеўскім клюбе «Купідон» беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч прэзэнтаваў украінскай аўдыторыі новы паэтычны зборнік «Школа травы» і пад гітару прасьпяваў свае пераклады канадзкага сьпявака і кампазытара Леанарда Коэна, амэрыканскага музыканта Боба Дылана, чэскага паэта Яраміра Ногавіцы і польскага барда Яцэка Качмарскага.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Ва Ўкраіне Андрэй Хадановіч мае вялікае кола прыхільнікаў, якія ўспрымаюць кожную сустрэчу зь ім як асаблівае сьвята. Як сьцьвярджае ягоны сябар, вядомы ўкраінскі літаратар Аляксандар Ірванец, творчыя сустрэчы зь беларускім аўтарам заўсёды шматлюдныя:

«Андрэй — папулярная асоба ў Беларусі, але, калі падлічыць арытмэтычна, ва Ўкраіне ў яго, напэўна, больш шанавальнікаў. Калі я працаваў у Астроскай акадэміі і запрашаў яго некалькі разоў, кожны раз гэта быў фурор і вялікая заля. Я лічу Хадановіча адным з найлепшых паэтаў ня толькі Беларусі, а і сучаснай Эўропы».

Аляксандар Ірванец (зьлева) і Андрэй Хадановіч
Аляксандар Ірванец (зьлева) і Андрэй Хадановіч

У Кіеве аўдыторыя кожны прачытаны верш вітала аплядысмэнтамі і падпявала амаль кожную песьню.

Андрэй Хадановіч пакуль ня ведае, ці выйдзе новы ягоны паэтычны зборнік па-ўкраінску. Але на ўвагу ўкраінскіх перакладчыкаў ён ня скардзіцца — ва Ўкраіне ён ці не найбольш перакладаны беларускі аўтар. Хоць ва Ўкраіне чытаюць творы беларускіх літаратараў і на мове арыгіналу.

Кнігі Хадановіча ва Ўкраіне выходзілі раней, чым у Беларусі

«Зразумела, усім аўтарам вельмі падабаецца, калі іх перакладаюць. І тым больш калі ва Ўкраіне, якая перапоўненая сябрамі і ёсьць часткай тваёй душы. Так склалася, што ў мяне ўкраінская кніжка выйшла раней, чым у арыгінале. І першая дзіцячая кніжка „Нататкі таткі“ па-ўкраінску выйшла раней, чым па-беларуску. Таму для мяне кожны ўкраінскі пераклад крыху больш, чым проста пераклад», — сказаў Свабодзе Андрэй Хадановіч.

Хадановіч кажа, што пільна сочыць за літаратурным жыцьцём Украіны і за палітычнымі падзеямі.

Андрэй Хадановіч і ўкраінскія перакладчыкі ягоных вершаў — Вячаслаў Лявіцкі, Любоў Якімчук, Наталка Бельчанка
Андрэй Хадановіч і ўкраінскія перакладчыкі ягоных вершаў — Вячаслаў Лявіцкі, Любоў Якімчук, Наталка Бельчанка

«Мне вельмі баліць, што адбываецца ва Ўкраіне, і вельмі радасна, што Ўкраіна, часам вельмі дарагой цаной, набывае незалежнасьць, сапраўдную незалежнасьць, і што гэты працэс незваротны. А мы можам крышачку памарыць і павучыцца часам на прыкладзе ўкраінцаў. А яшчэ Ўкраіна — гэта суполка вельмі таленавітых і вельмі падрыхтаваных чытачоў і паэтаў. Я купаюся ў гэтым моры радасьці і вельмі радуюся, калі ўдаецца прыяжджаць. Я самы шчасьлівы ва Ўкраіне беларускі паэт», — сказаў Андрэй Хадановіч.

Свае пераклады Хадановіча на імпрэзе дэклямавалі і ўкраінскія перакладчыкі.


Чаму Хадановіч падабаецца ўкраінцам

«Андрэй Хадановіч вельмі шчыры ў сваёй творчасьці. Дзякуючы яму я нават пачала перакладаць і з польскай. Ягоная іронія, арганічнасьць мне вельмі блізкія. Я таксама пішу вершы, але мне не хапае такой гульні, глыбінных і мэтафізычных рэчаў, якія ён выкарыстоўвае», — сказала Свабодзе ўкраінская паэтка і перакладчыца Наталка Бельчанка.

«Я сама захапляюся іранічнымі вершамі. Андрэй Хадановіч вельмі майстэрны ў сваіх рымах. І калі перакладаеш, а часам гэта вельмі складана (хаця магчыма, бо ўкраінская мова ўсё ж вельмі гнуткая), гэта асноўныя рэчы, якія прывабліваюць. І як чалавек ён вельмі непасрэдны, увесь час жартуе, і гэта таксама падабаецца людзям», — кажа перакладчыца паэзіі Андрэя Хадановіча ўкраінская паэтка Любоў Якімчук.

Украінскі паэт, празаік, крытык, літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі
Украінскі паэт, празаік, крытык, літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі

«Паэзія Хадановіча дастаткова ўдала ўвасабляе тыя тэндэнцыі, якія ўласьцівыя сучаснай беларускай літаратуры. Гэта ўвасабленьне і гульнёвых настрояў, экспэрымэнтаў, сталая майстэрская праца з формай, і гэта дадае пэўнага азарту і авантурызму перакладчыкам. Менавіта гэта, побач з пэўным добрым прагрэсіўным валоданьнем звычайнай формулай, і ёсьць той разынкай, якая прываблівае асабіста мяне ў творах Хадановіча», — зазначае ўкраінскі паэт, празаік, крытык, літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG