Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адсеклі галаву і спалілі». Байцоў расейскіх наймітаў «Вагнэра» ​​падазраюць у катаваньнях


Расейскія вайскоўцы ў Сырыі, ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы ў Сырыі, ілюстрацыйнае фота

Байцы расейскай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» могуць быць датычныя да катаваньняў і жорсткага забойства мужчыны ў Сырыі. Асобу аднаго з наймітаў выявіла «Новая газета».

Паводле дадзеных выданьня, гэта Станіслаў Д. (прозьвішча не называецца для бясьпекі ягонай сям’і). У групе «Вагнэра» ён служыў у выведцы, удакладняе аўтар расьсьледаваньня.

У распараджэньні «Новой газеты» ёсьць копія пашпарта байца, уласнаручна запоўненая анкета службы бясьпекі «ПВК Вагнэра», расьпіска аб неразгалошваньні інфармацыі і аўтабіяграфія. Частку інфармацыі журналіст выданьня пацьвердзіў з дапамогай дадзеных з адкрытых крыніц. Ад жонкі Станіслава Д. і яго знаёмых «Новой газеце» інфармацыю атрымаць не ўдалося.

Відэа са зьдзекамі з забітага ўпершыню было апублікаванае ўлетку 2017 году. На ім ня бачна твараў байцоў, аднак чуваць, што яны гавораць на расейскай мове. У лістападзе 2019 году ў сацсетках былі апублікаваныя іншыя часткі відэазапісу. На іх у кадар трапіў Станіслаў Д.

Асобы іншых байцоў бачныя на фатаздымку, таксама апублікаваным у сацсетках, дзе яны пазуюць побач зь целам забітага. «Новая газета» адзначае, што гатовая перадаць наяўныя матэрыялы ў пракуратуру, Сьледчы камітэт і МУС Расеі.

Паводле зьвестак арабскіх СМІ, забіты — Махамед Таха Ісмаіл Аль-Абдула. Яго мабілізавалі ў рэзэрв сырыйскай урадавай арміі, пасьля ён дэзэрціраваў, але яго злавілі. Як мяркуецца, ён быў забіты ў раёне радовішча Шаір у сырыйскай правінцыі Хомс.

Вясной 2017 году падразьдзяленьні «ПВК Вагнэра» выціснулі баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» з радовішча Шаір. Гэта пацьверджана пратаколам узгадненьняў паміж Сырыйскай дзяржаўнай генэральнай нафтавай карпарацыяй і расейскай кампаніяй «Эўра Поліс», высьветліла «Новая газета».

Кампанія «Эўра Поліс» зьвязаная са структурамі расейскага бізнэсоўцы Яўгена Прыгожына. Па дамове з сырыйскімі дзяржструктурамі фірма абавязалася вызваліць захопленыя радовішчы і гарантаваць іх бясьпеку. За гэта яна атрымлівала 25% ад здабычы на іх нафты і газу.

Яўген Прыгожын і яго кампаніі вядомыя як буйныя дзяржаўныя падрадчыкі на закупках харчаваньня ў Расеі, таму ў СМІ яго называюць «кухарам Пуціна». Яго зьвязваюць з арганізацыяй групы праўладных блогераў у Санкт-Пецярбургу — так званай «фабрыкай троляў» і стварэньнем «ПВК Вагнэра», байцы якой, як сьцьвярджаецца, ваявалі ў Данбасе, а потым у Сырыі. У ЗША сам Прыгожын і шэраг зьвязаных зь ім кампаній уключаныя ў санкцыйны сьпіс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG