Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прас…юць будучыню сваіх дзяцей». Што пішуць на Facebook пра выбары ў Палату прадстаўнікоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмеркаваньне выбараў у Палату прадстаўнікоў у беларускіх сацсетках нельга назваць актыўным — многія вядомыя беларусы ніяк пра іх ня згадвалі. Некаторыя ж зьвярнулі ўвагу якраз на гэта.

«Легітымізацыя правальваецца», — блогер Пальчыс

Эдуард Пальчыс сьцьвярджае, што «рэальная яўка не перавышае 20%», а «на банальныя праявы грамадзянскай актыўнасьці і нешматлікія пратэставыя пікеты [улады] рэагуюць так, нібы ўжо пачынае пахнуць Майданам». Ён мяркуе, што «так і працуе ігнор (ня блытаць з байкотам)» — «улады бачаць правал выбараў і пачынаюць адчуваць, што сапраўдная легітымізацыя правальваецца».

«Няма патрэбы разыгрываць апазыцыйную карту», — палітоляг Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што ў выбараў магло быць толькі два сцэнары: «2–4 апазыцыянэры зь ліку малавядомых і не асабліва ўплывовых» — або «цалкам стэрыльны парлямэнт». Другі сцэнар, мяркуе ён, выбралі, бо «нармалізацыя стасункаў з Захадам набрала такую дынаміку, а новы імідж Беларусі як донара стабільнасьці і краіны, якая балянсуе, настолькі ўмацаваўся, што няма ніякай патрэбы разыгрываць апазыцыйную карту на выбарах».

«Афіцыйны Менск упэўнены, што яму больш не патрэбны прагрэс у дэмакратыі і правах чалавека», — адзін зь лідэраў саюзу палякаў Пачобут

На думку Анджэя Пачобута, «Захад, зразумела, бачыў, што выбары былі фарсам, але ў цяперашняй сытуацыі ня будзе мітусьні». Цяперашнюю сытуацыю ён лічыць «паразай людзей, якія ўдзельнічаюць у дыялёгу з Лукашэнкам». Ён дадае, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі «варта чакаць нейкіх больш відовішчных дзеяньняў», чым «раззлаваны Лукашэнка, які пагражае апанэнтам».

«Нізы яшчэ могуць. Могуць і церпяць, церпяць і бурчаць», — эканаміст Раманчук

Яраслаў Раманчук «пазычае» ў Лукашэнкі пытаньне «на храна?». Ён рытарычна пытае, навошта Лукашэнку «сапраўдны парлямэнт, калі на яго няма рэальнага попыту ні ў вярхоў, ні ў нізоў, ні ў Захаду, ні ў Расеі», навошта «канкурэнты па палітычным папулізьме, сацыялізьме і рэалізацыі разьмеркаваньня выгодаў сярод намэнклятурна-сілавых кланаў», навошта «палітычныя рэформы, калі ягоны галоўны вораг — эканоміка, а да эканамічных рэформаў ПП НС якраз ніякага дачыненьня ня мела і мець ня будзе».

«Кампанія-2020 будзе вельмі жорсткая», — лідэр прадпрымальнікаў Шумчанка

Анатоль Шумчанка прадказвае, што ў 2020 годзе агітацыя за Лукашэнку будзе ў духу «незалежнасьць перадусім, таму рабіце і прымайце, што скажуць, ня час для дэмакратыі». Ён чакае, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць «вельмі жорстка», могуць паўтарыцца «прэвэнтыўныя зачысткі накшталт тых, што былі ў 2017 годзе перад Днём Волі».

«Выбары з таннай гарэлкай у школах і інфэрнальнай самадзейнасьцю — атракцыён, па які варта прыехаць турыстам», — фотажурналістка Сапранецкая

Дар’я Сапранецкая мяркуе, што цяпер «варта давесьці выбары прэзыдэнта да абсурду», хоць «складана пераплюнуць па трэшавасьці цяперашні стан рэчаў». Яна прапануе запрашаць турыстаў назіраць за выбарамі, «дапамагаць беларусам зламаць last dictatorship in Europe», бо «нашыя выбары з таннай гарэлкай у школах і інфэрнальнай самадзейнасьцю — гэта той атракцыён, на які варта сюды прыехаць расьпешчаным турыстам».

«Гэта ж…ы, якім так страшна страціць свой заробак у 300 баксаў», — мастачка Сандрас

Чатыры сотні лайкаў сабраў пост Нікі Сандрас, у якім яна абураецца чальцамі выбарчых камісій, якія, павярнуўшыся сьпінамі да назіральнікаў, «прас…юць будучыню сваіх дзяцей».

Маналёг назіральніцы

Ці ня самы папулярны Facebook-пост пра выбары — ужо восем соцень лайкаў і тры сотні рэпостаў — апублікавала назіральніца Ганна Толчыкава. Яна зьняла на відэа аповед пра тое, як сарвалася на выбарчую камісію, калі пачула вынікі падліку галасоў, якія рэзка разыходзіліся зь ейнымі назіраньнямі.

P.S.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG