Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі несавецкі мовазнаўца. Успомнім Юрася Бушлякова


Юрась Бушлякоў
Юрась Бушлякоў

29 траўня сёлета Юрась Бушлякоў адзначыў бы свой першы юбілей — 50-годзьдзе. За дзесяць гадоў, як яго няма з намі, я толькі ўпэўніўся ў перакананьні: Юрась — узор новага, адкрытага для сьвету, не скаванага самацэнзурай і сэрвільнасьцю, карацей, абсалютна несавецкага пакаленьня беларускіх мовазнаўцаў.

Меў прызнаны лінгвістычны талент і шчыра любіў беларускую мову — гэта не такое частае спалучэньне. Мог бы зрабіцца сапраўдным лідэрам новай плыні беларускага мовазнаўства, калі б не падступны лёс. Юрась скарыстаў непрацяглае „вакно магчымасьцяў“ і ўпершыню ў Беларусі абараніў дысэртацыю пра беларускі моўны пурызм — зварот найперш да ўласных моўных рэсурсаў, дакладней — пра аднаго з найярчэйшых нашых пурыстых: „Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)“. Вярнуў у прастору „афіцыйнага“ мовазнаўства стратэгічна важную для лёсу беларускае мовы ў ХХ ст. праблему — без ранейшых ідэалягічных шораў.

Захапляўся мовазнаўчай спадчынай Яна Станкевіча, якога лічыў шукальнікам ідэальнае мадэлі літаратурнае мовы. Датаваў першыя фіксацыі вяртаньня слова „спадар“ у ХХ стагодзьдзі: „Такі зварот у прыватным ліставаньні Станкевіч практыкаваў як мінімум з 1925 году (напрыклад, вельмі паважаны Спадáру Вацлаве — у лісьце В. Ластоўскаму)“.

Аднак у моўнай практыцы, у рэкамэндацыях заўсёды быў вытрыманы, аб’ектыўны, зважаў на рэальны моўны стан. Як перадаць па-беларуску важнае біблійнае слова — па-польску czuwać, па-расейску „бодрствовать“? Юрась разважае: „Скажам, Антон Луцкевіч і Лявон Дзекуць-Малей перадалі сэнс будзённым ня сьпіце, у Янкі Станкевіча ў гэтым выпадку спалучэньне з экзатычным у літаратурнай мове прыметнікам чукавы будзьце чукавыя, у Анатоля Клышкі — проста будзьце чуйныя, будзьце пільныя“. Так, даўшы спакойную ацэнку кожнай прапанове, аўтар нязмушана арыентуе чытача на аптымальны выбар.

Мне пашчасьціла працаваць зь Юрасём некалькі гадоў у валянтэрскай лябараторыі сучаснае кадыфікацыі беларускага клясычнага правапісу. Мы разам зь ім, Зьмітром Саўкам (які, на жаль, таксама пакінуў нас) і Зьмітром Саньком уклалі звод нормаў беларускай несавецкай правапіснай традыцыі, зважаючы на сучасную практыку. Беларускім клясычным правапісам у яго кадыфікацыі 2005 году карыстаецца і Радыё Свабода.

Юрась дасканала ведаў гэтую традыцыю, яго агульная і лінгвістычная эрудыцыя, моўная памяць, адчуваньне нормы і мяжы магчымых зьменаў (ён імпэт і мой, і іншых нярэдка рацыянальна стрымліваў), а яшчэ ўменьне працаваць у камандзе — рысы абсалютна канечныя для такое працы.

Юрась Бушлякоў. Жывая мова

Заслугі Юрася як пэдагога і „моўнага“ журналіста ня менш важныя за ягоныя навуковыя зьдзяйсьненьні. Кніга „Жывая мова“ зь Бібліятэкі Свабоды — мая настольная (і часта зьвяртаюся да аўдыёгутарак на сайце Свабоды, дзе гучыць ягоны непаўторны інтэлігентны і таму пераканаўчы голас).

Ён зьвяртаецца да мовы на ўсіх яе ўзроўнях — ад вымаўленьня да пабудовы сказаў — і разьбірае тыя праблемы, што замоўчваліся ў савецкі час або ўзьніклі з прычыны русыфікацыі: „Нашто ісьці за расійскай моваю, забываючыся на ўнутраную форму слова? Ваенны — значыць, зьвязаны з вайною. Ваенны час, ваеннае становішча, ваенны канфлікт, ваенныя падзеі... У тым жа разе, калі гаворым пра войска, армію, трэба ўжываць слова вайсковы: вайсковая служба, вайсковая падрыхтова, вайсковы білет...“

Мяккі стыль ягоных парадаў цалкам пазбаўлены катэгарычнасьці. Ён паказвае чытачу/слухачу перадгісторыю моўнага выбару, а тады проста раіць: грэцкі, а ня „грэчаскі“. Бо хоць апошняе слова ўпарта ўводзяць акадэмічныя слоўнікі, але яно„цалкам выбіваецца зь беларускіх прыметнікавых мадэляў“, — упэўнена і карэктна заўважае Юрась. І, маючы шырокі лінгвістычны, беларусазнаўчы, наагул культурны кругагляд – падказвае чытачу (калі ня йдзецца пра відавочныя памылкі): хутчэй за ўсё, моўныя працэсы сярод некалькіх варыянтаў выведуць у лідэры вось гэтае слова (форму, выраз).

І ўявіце сабе — прагнозы Юрасёвы спраўджваюцца. Прыкладам, слова „зьвяз“ упэўнена пашыраецца коштам пазычанага ды ідэалягізаванага „саюзу“. Зрэшты, калі гэта самапацьвярджальны прагноз — то бо на моўную практыку паўплывала рэкамэндацыя Юрася Бушлякова — дык выдатна, што маем такія сучасныя моўныя аўтарытэты.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG