Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна ня мае магчымасьці выйграць вайну супраць Расеі толькі на полі бою», — намесьнік начальніка ГУР Украіны


Вадзім Скібіцкі
Вадзім Скібіцкі

Адзін з кіраўнікоў украінскай выведкі выступіў з заявай пра магчымыя перамовы Кіева з Масквой аб спыненьні вайны.

Украіна ня мае магчымасьці выйграць вайну супраць Расеі толькі на полі бою, заявіў намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію The Economist.

Нават калі б Украіна змагла адціснуць расейскія сілы да межаў, гэта не спыніла бы вайну. Паводле яго, такія войны могуць скончыцца толькі дамовамі. У цяперашні час абодва бакі змагаюцца за «самую выгадную пазыцыю» перад патэнцыйнымі перамовамі. Але прадметныя перамовы могуць пачацца не раней, чым у другой палове 2025 году, лічыць ён.

Па словах Скібіцкага, магутнасьці расейскай вайсковай вытворчасьці павялічыліся, але выйдуць на плято ў пачатку 2026 году празь нястачу матэрыялаў і інжынэраў.

«У выніку абодва бакі могуць застацца бяз зброі. Але калі нічога ня зьменіцца ў іншых аспэктах, то Ўкраіна першай сутыкнецца з гэтай праблемай», — прызнаў намесьнік кіраўніка ГУР.

Скібіцкі назваў Эўропу самым вялікім нявызначаным чыньнікам вайны. Калі суседзі Ўкраіны ня знойдуць спосабу далейшага павелічэньня абароннай вытворчасьці, каб дапамагчы Ўкраіне, яны таксама апынуцца пад прыцэлам Расеі.

Раней на гэтым тыдні міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што няма сэнсу запрашаць Расею на саміт глябальнага міру, які пройдзе ў Швайцарыі, бо нельга гарантаваць, што яна будзе дзейнічаць добрасумленна. Пра гэта кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны заявіў амэрыканскаму выданьню Foreign Policy.

Адказваючы на пытаньне: «Які сэнс ад мірнага саміту без таго боку, які разьвязаў вайну?», Кулеба адзначыў, што з 2014-га па 2022 год Украіна правяла амаль 200 этапаў перамоваў з Расеяй у розных фарматах, але нічога не атрымалася і скончылася тым, што адбылося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ў 2022 годзе.

Кулеба дадаў, што Расея зможа ўдзельнічаць у перамовах толькі тады, калі сфармуецца кааліцыя краін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG