Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штучныя промні фальшывай славы. Пра УНС як пра сэанс псыхатэрапіі і самагіпнозу


Другі дзень пасяджэньня VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь, 25 красавіка 2024 году
Другі дзень пасяджэньня VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь, 25 красавіка 2024 году

​​​​​​​Напярэдадні сходу частка не спрактыкаваных у палітыцы асобаў пад узьдзеяньнем афіцыйных СМІ чакала нейкага сур’ёзнага абмеркаваньня і лёсавызначальных рашэньняў. Масаваная прапаганда вакол УНС спарадзіла ў абываталя завышаныя чаканьні. Але нават на якасную імітацыю ўлады не наважыліся.

Сьцісла:

  • Паседжаньні УНС — гэта быў тэатар аднаго актора. Амаль 2/3 усяго часу працы сходу занялі прамовы Лукашэнкі.
  • Адной з функцый цяперашняга паседжаньня УНС была спроба зрабіць яго дадатковым сродкам легітымізацыі існага рэжыму. Бо, як вядома, апошнія прэзыдэнцкія выбары гэтую ролю выканалі слаба.
  • Галоўная выснова з усяго паседжаньня УНС такая: трэба рыхтавацца да вайны.
  • Верагодна, Лукашэнка сьвядома фармаваў гэтую мілітарызаваную атмасфэру, каб выкарыстаць страх людзей перад вайной у якасьці дадатковай легітымізацыі. І сэнс такі: калі ня я на чале дзяржавы, то будзе вайна.
  • Гэта быў таксама і сэанс псыхатэрапіі, самагіпноз, псыхалягічны аўтатрэнінг для Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Другі дзень паседжаньня УНС вёў сам Аляксандар Лукашэнка. Трохі заблытаўся з парадкам дня. Абвясьціў дэбаты, забыўшы, што яшчэ не выступіў з дакладам старшыня КДБ Іван Церцель.

Лукашэнка выступаў шмат разоў, камэнтаваў ледзь ня кожны выступ, падсумоўваў вынікі. Амаль 2/3 усяго часу працы УНС занялі ягоныя прамовы. То быў тэатар аднаго актора. Адметна, што ўсе свае выступы ён рабіў седзячы. Відаць, стаяць яму фізычна ўжо ня вельмі лёгка.

Цікава, што амаль усе іншыя выступоўцы зьвярталіся да Лукашэнкі са словамі «таварыш прэзыдэнт». Пра ягоны новы тытул «старшыня УНС» амаль ня ўзгадвалі. Бо не атрымалі адпаведных інструкцый. А самі не здагадваліся. Толькі Вадзім Гігін аказаўся самым кемлівым: назваў яго поўным, падвойным тытулам.

Калі казаць пра агульнае ўражаньне, то адной з функцый цяперашняга паседжаньня УНС была спроба зрабіць яго дадатковым сродкам легітымізацыі існага рэжыму і ўлады Лукашэнкі. Бо, як вядома, апошнія прэзыдэнцкія выбары гэтую ролю выканалі слаба. І цяпер Лукашэнка настойліва шукае нейкія дадатковыя мэханізмы, падпоркі і мыліцы.

З пункту гледжаньня піяраўскага эфэкту ўжо ў зыходным праекце гэтай дзеі была закладзена невырашальная супярэчнасьць. Як сумясьціць палітычнае шоў і рабочую нараду, дзелавое абмеркаваньне важных дзяржаўных праблем (канцэпцыі нацбясьпекі, ваеннай дактрыны)? Бо палітычнае шоў, праведзенае па ўсіх законах гэтага жанру, паводле азначэньня не магло быць форумам для сурʼёзнага абмеркаваньня чаго б там ні было.

Напярэдадні сходу частка не спрактыкаваных у палітыцы асобаў пад узьдзеяньнем афіцыйных СМІ сапраўды чакала нейкага сурʼёзнага абмеркаваньня і лёсавызначальных рашэньняў. Масаваная прапаганда вакол УНС спарадзіла ў абываталя завышаныя чаканьні. Маўляў, паколькі гэты сход «лёсавызначальны», то ён павінен прыняць нейкія важныя рашэньні, у выніку якіх краіна пачне жыць па-іншаму, значна лепш: ва ўсякім разе, так, як раней, ужо ня будзе. Арганізатарам можна было дапусьціць некаторую долю крытычнасьці, даць магчымасьць выпусьціць пару, зрабіць імітацыю сурʼёзнай размовы аб рэальных праблемах і цьвёрда паабяцаць іх выправіць.

Але не. Нават на якасную імітацыю ўлады не наважыліся. УНС засядаў два дні па паўдня. У цэлым атрымаўся толькі адзін працоўны дзень. І гэта ж цяпер нібыта галоўны орган улады! Сьмешна, што Лукашэнка настойліва заклікаў дэлегатаў сходу прачытаць тыя дакумэнты, за якія яны аднадушна галасавалі. Думаю, звычайны чалавек, які раптам паспрабаваў паглядзець на тэлевізіі прапанаванае дзейства, быў вельмі расчараваны. Гэта як прывесьці людзей у кінатэатар, абяцаючы круты баявік ці разрэклямаваную камэдыю, а замест гэтага паказаць дакумэнтальны фільм пра XXIV зьезд КПСС.

Другі дзень пасяджэньня VII Усебеларускага народнага сходу, 24 красавіка 2024 году
Другі дзень пасяджэньня VII Усебеларускага народнага сходу, 24 красавіка 2024 году

У сухой астачы засталося ўражаньне нейкай страшылкі. Сьвядома на парадак дня былі вынесеныя два дакумэнты: Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі і Ваенная дактрына. Гэтыя пытаньні прадугледжвалі размову пра вонкавыя пагрозы. І пагрозаў, сапраўды, хапіла. Сам Аляксандар Лукашэнка, сакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, міністар абароны Віктар Хрэнін, старшыня КДБ Іван Церцель нагняталі напружаньне: маўляў, з усіх бакоў небясьпека, NATO рыхтуецца да нападу, апазыцыя зьбіраецца ваенным шляхам захапіць уладу, дывэрсанты прабіраюцца з выбухоўкай на беларускую тэрыторыю, Беларусь як крэпасьць у аблозе, краіна стаіць перад нечым жахлівым.

Хоць Лукашэнка і казаў, што «я вас не запужваю», але атрымалася якраз наадварот. І галоўная выснова з усяго паседжаньня УНС такая: трэба рыхтавацца да вайны. Ці варта казаць, што ляяльныя ўладзе беларусы чакалі нечага іншага? Верагодна, ён сьвядома фармаваў гэтую мілітарызаваную атмасфэру, каб выкарыстаць страх людзей перад вайной у якасьці дадатковай легітымізацыі. І сэнс такі: калі ня я на чале дзяржавы, то будзе вайна.

Але ў выніку атрымліваецца парадокс. Лукашэнка шмат разоў казаў, што ў 2020 годзе ўратаваў Беларусь ад нечага жахлівага, што калі б уладу захапілі апанэнты, то была б вайна, было б як ва Ўкраіне. Але тут узьнікае пытаньне: уратаваў дзеля чаго? Атрымліваецца — дзеля таго каб рыхтавацца да вайны. Бо ўсе агучаныя пагрозы з боку Захаду і Ўкраіны, пра якія кажуць улады, гэта якраз вынік перамогі Лукашэнкі ў 2020 годзе.

Але УНС, акрамя ўсяго іншага, выконваў і яшчэ адну функцыю. Гэта быў таксама сэанс псыхатэрапіі, самагіпноз, псыхалягічны аўтатрэнінг. Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі (а іншых на сходзе няма), Лукашэнка як бы падзараджаецца. Для яго псыхалягічна вельмі важна пэрыядычна купацца ў промнях славы. Няхай сабе гэтыя промні і штучныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG