Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зрабіла дзяржава, каб уратаваць дзяцей у Воршы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі здараецца нешта сапраўды страшнае, я быццам падсьвядома шукаю нейкае тлумачэньне, чаму гэта была выпадковасьць, якую немагчыма было неяк прадбачыць. Напэўна, так прасьцей зьмірыцца. Але ў гісторыі з забітымі ў Воршы дзецьмі ў мяне так зусім не атрымліваецца. Чым больш я пра гэта чытаю, тым выразьней разумею, што гэтыя сьмерці – абсалютна лягічны вынік таго, як працуе ў Беларусі ўся сыстэма, скіраваная нібыта на абарону дзяцей.

Праз зачыстку поля незалежнай журналістыкі мы маем інфармацыю практычна толькі зь дзяржаўных крыніц, якія не выклікаюць вялікага даверу. Але нават яны расказваюць пра трагедыю так, што становіцца ясна: пра небясьпеку для дзяцей чыноўнікі і чыноўніцы ведалі, але рэальнай дапамогі ад іх не было.

Нагадаю, што ў Воршы знайшлі целы чацьвярых забітых дзяцей. Мяркуецца, што забіла іх маці, якая пасьля гэтага спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам.

Мы ня ведаем дакладна, як усё адбывалася ў кватэры і ці ўсьведамляла жанчына наступствы сваіх дзеяньняў. Але мы ведаем, што сям’я даўно лічылася праблемнай і нават стаяла на ўліку як сям’я ў сацыяльна небясьпечным стане. Начальнік упраўленьня пракуратуры Беларусі Валеры Таўкачоў таксама паведаміў, што ў доме сыстэматычна адсутнічала ежа, таты дзяцей не жылі разам зь імі і вялі асацыяльны лад жыцьця.

Я асабліва хачу зьвярнуць увагу на слова «сыстэматычна». Не аднойчы ў сям’і аказалася пустая лядоўня (мяркую, такое здараецца ва ўсіх), а сыстэматычна ў доме не было ежы. Чыноўнікі пра гэта ведалі. Яны нават адправілі мужа жанчыны ў ЛТП і прызналі, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным стане. Бюракратычную функцыю выканалі, малайцы! А рэальна яны чым дапамаглі?

Вопратку і цацкі для дзяцей гэтай сям’і зьбірала суседка, мэблю і пасьцель, каб дзецям было на чым спаць, таксама аддавалі суседзі. А чыноўнікі толькі праводзілі так званыя сацыяльныя расьсьледаваньні.

Цяпер суседзі кажуць пра дзіўныя паводзіны жанчыны, якія даюць нагоду падазраваць, што ў яе было неадэкватнае ўспрыманьне рэальнасьці. А калі чыноўнікі «праводзілі сацыяльнае расьсьледаваньне», яны суседзяў не апытвалі? Не запытваліся нічога ў садочку, дзе маглі расказаць, што жанчына часам прыходзіла ў сіняках? Што ўвогуле зрабілі чыноўнікі, акрамя таго, што запоўнілі і падпісалі розныя паперкі?

Падобна, што нічога.

Я не сумняюся, што цяпер для праверкі яны ўсе дакумэнты перапішуць нанава, і да іх будзе не падкапацца. Магчыма, зваляць усю віну на аднаго чалавека, якога паказальна пасадзяць на доўгі тэрмін. Але калі ўжо зьменіцца сама сыстэма? Калі прызнаньне сям’і такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным стане, перастане быць рэпрэсіўным мэханізмам і будзе накіравана на рэальную дапамогу?

Адказаў на гэтыя пытаньні я ня ведаю. Але ведаю вось што: дзяцей забілі, і ніхто з дарослых іх не абараніў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG