Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хтосьці шле літоўскім дэпутатам ад імя беларускага батальёну «Тэрор» лісты з пагрозамі. «Тэрораўцы» пракамэнтавалі


Шаўрон палку імя Кастуся Каліноўскага
Шаўрон палку імя Кастуся Каліноўскага

У сераду некаторыя літоўскія дэпутаты атрымалі электронныя лісты з пагрозамі, нібыта падпісаныя беларускім батальёнам «Тэрор».

Старшыня парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас сказаў Delfi, што яму вядома аб такіх лістах, іх перадалі адпаведным службам.

Аўтары пагрозьлівых лістоў нібыта незадаволеныя тым, што беларускай актывістцы, заснавальніцы арганізацыі «Наш дом» Вользе Карач Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіўся даць прытулак. Пры гэтым Вольгу Карач аўтары ліста называюць «нашай кіраўніцай». Яны пагражаюць дэпутатам, што «калі рашэньне ў дачыненьні да Карач ня будзе зьмененае, мы прымем радыкальныя меры супраць вас і вашых сем’яў». Ліст падпісаны «Батальён „Тэрор“».

Delfi паведамляе пра гэтыя лісты, не падаючы камэнтароў ні Вольгі Карач, ні «тэрораўцаў».

Ад імя ўдзельнікаў батальёну беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне «Тэрор» у тэлеграм-канале выказаўся іх кіраўнік Радзівон «Гена» Батулін. Ён пакпіў з нагоды таго, што Вольгу Карач назвалі іх «кіраўніцай» і катэгарычна сьцьвярджае: «Да гэтай пісаніны мы ня маем ніякага дачыненьня».

Свабода зьвярнулася па камэнтар і да Вольгі Карач — як толькі мы яго атрымаем, ён будзе апублікаваны.

  • Беларускі батальон «Тэрор», які ваюе ва Ўкраіне, названы так у гонар добраахвотніка з Смаргоняў Зьмітра «Тэрора» Апанасовіча, што загінуў у сакавіку 2022 у Ірпяні. Першапачаткова былі ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага, але ў жніўні адкалоліся ад фармаваньня. Прычынай сталі асабістыя канфлікты і непаразуменьні. Структура «Тэрору» вельмі закрытая, пра яе мала што вядома. Існуе адмысловы тэлеграм-канал батальёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG