Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё тое самае». Тэхнаблогер Wylsacom знайшоў кітайскі ноўтбук, падазрона падобны да «беларускага» H-book


Аляксандар Лукашэнка прэзэнтуе «першы беларускі ноўтбук», 1 верасьня 2022 году
Аляксандар Лукашэнка прэзэнтуе «першы беларускі ноўтбук», 1 верасьня 2022 году

Расейскі тэхнаблогер Wylsacom, які 2 дні таму апублікаваў агляд ноўтбука H-book ад менскага завода «Гарызонт», выпусьціў новае відэа пра кітайскі ноўтбук ITEL Spirit 2, вельмі падобны да «беларускага», заўважыла «Зеркало».

Як адзначае Wylsacom у новым аглядзе, тэхнічна кітайскі ноўтбук — «поўны аналяг беларускага».

«Усё тое ж самае па характарыстыках. Гэта Intel Core i3, 256 [гігабайт] SSD, 8 гігабайт „апэратывы“, корпус ідэнтычны», — кажа пра itel Spirit 2 блогер.

Паводле яго, нават зьнешні выгляд кітайскага ноўтбука «адзін у адзін» паўтарае «беларускі» H-book, толькі што «няма выдатнай літары „Н“».

«З пункту гледжаньня задняга вечка, раздымаў, усіх астатніх элемэнтаў — гэта той жа самы кампутар. І сабраны ён дакладна гэтак жа. У яго тая ж клавіятура, тая ж налепка на корпусе, той жа надпіс DTS, пра якую мы з вамі гаварылі ў беларускім «макбуку», — адзначае Wylsacom.

Паводле блогера, кітайскі ноўтбук, нягледзячы на надпіс на каробцы Windows 11, працуе на апэрацыйнай сыстэме Lynux, а беларускі аналяг — на Windows 11.

Wylsacom нагадаў, што адзіная ягоная прэтэнзія да «беларускага» ноўтбука — цана, і адзначыў, што кітайскі itel Spirit 2 у інтэрнэт-краме каштуе 29990 расейскіх рублёў (каля 430 даляраў па курсе Нацбанку РБ), а беларускі H-book — 43000 расейскіх рублёў (каля 620 даляраў). Праўда, ён адзначыў, што на кітайскім ноўтбуку няма Windows 11, а яна каштуе «вядома, не 13 тысяч рублёў, але прыстойных грошай», таму гэта «дадае нейкі кошт».

Блогер таксама разабраў абодва ноўтбукі і адзначыў, што і ўнутры яны вельмі падобныя. Сярод адрозьненьняў Wylsacom адзначыў, што ў кітайскім ноўтбуку брэндаваная батарэя (а ў «беларускім» H-book — не), няма дадатковай антэны (у H-book ёсьць), іншае мацаваньне для яшчэ аднаго назапашвальніка SSD. «Тут (у ноўтбуку H-book — рэд.) нейкі працэнт беларускіх запчастак прысутнічае. Як мінімум блёк сілкаваньня. Як максымум — можа быць яшчэ нешта яны тут са свайго паставілі. Зразумела, што не памяць, не SSD, але, можа нешта», — рэзюмаваў Wylsacom і паўтарыў, што ў беларускага ноўтбука «неадэкватная цана».

Аляксандар Лукашэнка асабіста прэзэнтаваў «першы беларускі ноўтбук» 1 верасьня 2022 году. Сэрыйную вытворчасьць плянавалі запусьціць у лістападзе, але пазьней тэрміны перанесьлі на сьнежань.

Праўда, на заводзе «Гарызонт» адзначылі, што толькі 12% складнікаў ноўтбука зроблены ў Беларусі, не ўдакладніўшы, што менавіта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG