Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну за кратамі


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Чацьверты ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна за кратамі

Турма і свабода — дзьве асноўныя тэмы жыцьця ў прэзыдэнцкай Беларусі. Часам яны станавіліся настолькі дамінантнымі, што на працягу некалькіх гадоў у дадатак да навінаў ад вязьняў і рэпартажаў з судоў у этэры гучала адмысловая перадача «Свабода ў турмах». Цяпер такая перадача немагчымая, бо цяпер гэта зьмест штодзённага жыцьця, і стужка навінаў, аналітыка, спэцыяльныя праекты незалежных мэдыяў і публікацыі ў сацыяльных сетках так ці іначай маюць справу з жыцьцём у турме, у якую ператварылася краіна.

Прэмію імя Францішка Аляхновіча, якую Беларускі ПЭН і Беларуская служба Радыё Свабода ўручаюць за найлепшыя творы, народжаныя за кратамі, за дзесяць гадоў атрымалі тры дзясяткі аўтараў. Але сёлета прэмія не прысуджалася — бо ні перадаць на волю, ні апублікаваць створанае за кратамі стала амаль немагчыма. Аднак новыя творы пішуцца і яны абавязкова будуць адзначаны ў наступным годзе.

Галасы турмы, якія ўвасобіліся ў кнігі «Бібліятэкі», — насамрэч галасы свабоды. Калі вашы блізкія, знаёмыя ў няволі ці вызваліліся — падтрымайце іх у творчасьці, папрасіце напісаць пра перажытае і пабачанае, ня дайце турэмшчыкам скрасьці памяць і час жыцьця. Раскажыце ім пра падсьвечаную нобэлеўскім сьвятлом «Турэмную бібліятэку» праваабаронцаў «Вясны», пра «Бібліятэку Свабоды», дзе выйшла кніга «Справа Бяляцкага». Сьвятло павінна павялічвацца.

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

«Адзін дзень палітвязьня. 2009»

Сярод герояў кнігі — паэт, мастак, геадэзіст, старшыня калгасу, лекар, прэм’ер-міністар, пасол, палітыкі, грамадзкія актывісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты, міністры. Укладальніца і рэдактарка Ганна Соўсь сабрала ўсё жывое, што супраціўлялася дыктатуры і плаціла за гэта сваёй свабодай, і хор сьведчаньняў з-за кратаў склаўся ў песьню свабоды.

«Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»

Кніга храналягічна і тэматычна працягвае выданьне сэрыі «Адзін дзень палітвязьня» (2009), у якім даваліся партрэты апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму, што былі зьняволеныя ў Беларусі ў 1996-2008 гады.

«Хто ўзарваў Менскае мэтро?»

Гэтую кнігу напісаў палітвязень Алег Грузьдзіловіч — але за восем гадоў да таго, як сам быў арыштаваны, асуджаны і зьняволены. Гэта аналіз судовага працэсу над абвінавачанымі ў тэракце ў менскім мэтро, дзе 11 красавіка 2011 году загінулі 15 чалавек. Калі кніга выйшла, пракуратура вынесла спэцыяльнае папярэджаньне, дзе абвінавачвала аўтара і «Бібліятэку» ў падрыве даверу да судовай сыстэмы Беларусі. Як аўтару ўдалося падарваць тое, чаго няма — адказ на гэтую загадку знойдзеце на старонках кнігі.

«Турма і здароўе»

Былы рэктар Гомельскага мэдычнага унівэрсытэту, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі. У кнізе прыводзяцца фізычныя практыкаваньні і псыхалягічныя практыкі, якія дапамаглі аўтару перажыць блізкія да сьмерці сытуацыі, выйсьці здаровым і працягнуць піянэрную распрацоўку Чарнобыльскай тэматыкі, якая назаўсёды з намі.

«108 дзён і начэй у засьценках КДБ»

Дзёньнік палітычнага закладніка — такі падзагаловак даў сваім успамінам палітык Анатоль Лябедзька. Турэмны дзёньнік — дэталёвае апісаньне пекла, якім стала для палітычных вязьняў «амэрыканка», гнюсная турма КДБ у цэнтры Менску, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Ня могуць ня ўразіць сцэны супрацьстаяньня і няскоранасьці, партрэты вязьняў і турэмшчыкаў, якія пад таленавітым пяром ператвараюцца ў дакумэнтальную прозу, адзначаную прэміяй Аляхновіча. Кніга будзе фігураваць на будучым судовым працэсе над дыктатурай і яе памагатымі. Зрэшты, яна ўжо вынесла свой прысуд — азнаёмцеся!

«Тантамарэскі»

Хтосьці прачытае гэтую кнігу Сяргея Дубаўца як гісторыю сучаснай Беларусі, хтосьці — як даведнік у судаводзтве, хтосьці — як дэтэктыўны раман з многімі літаратурнымі алюзіямі. Маштабны «Кветкавы працэс» беларускай мытні разглядаецца ўсебакова і ў драбніцах, нібы пад мікраскопам, а галоўны абвінавачаны паўстае як герой усіх беларускіх часоў: асьветнік, краязнаўца, публіцыст, чалавек сумленьня, рамантычнай веры і жалезных правілаў. Высновы прывялі аўтара да філязофскіх адкрыцьцяў, а журы прэміі Ежы Гедройця — да рашэньня адзначыць гэтую кнігу «Бібліятэкі» найвышэйшай літаратурнай узнагародай Беларусі.

«Палон»

Прадмовай да кнігі «Тантамарэскі» пра судовы працэс над мытнікам Алесем Юркойцем і ягонымі калегамі быў верш Аляксандра Лукашука «Юркойцеў палон».

Ты прачынаесься ранкам, а неба няма,
Ты выходзіш з дому, а дарогі няма,
Ты ўдыхаеш на поўныя грудзі, а паветра няма,
Ёсьць турма.

Ня ты натыкаесься на сьцяну, а яна на цябе,
Ня ты падаеш у бездань, а яна ў цябе,
Ня ты выключаеш сьвятло, а яно цябе,
Як на вайне.

Што застанецца, калі попел пакрые ўсё,
Што застанецца, калі вецер разьвее ўсё,
Што застанецца, калі скончыцца ўсё,
Толькі любоў
.

На гэты тэкст Лявон Вольскі напісаў песьню «Палон», якая стала прысьвячэньнем усім незаконна зьняволеным паводле палітычных матываў — палітвязьням, палонным рэжыму Лукашэнкі.

«Турма, мужчына і жанчына»

Кніга мае падзагаловак «Як сядзяць у сучаснай Беларусі», і прысьвечаная не палітычным вязьням, а агульнаму жыцьцю за кратамі. Яна нарадзілася з радыёперадачы «Свабода ў турмах», якую ў 2011-2017 гадах вяла Алена Струвэ. Ужо тады было справядлівым адно назіраньне: калі сабраць усіх зьняволеных у Беларусі разам, атрымаецца невялікі горад са сваімі традыцыямі і парадкамі, дзе ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і пабытовым канфліктам, творчасьці, гумару. Сёньня гэты горад павялічыўся да памераў краіны.

«Галасы салідарнасьці»

Гэта самае простае і самае незвычайнае выданьне «Бібліятэкі». Бо што можа быць прасьцей, чым прачытаць у этэры імёны сямі сотняў людзей, якія патрапілі за краты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. І што магло быць больш незвычайным для слухачоў гэтага навагодняга этэру, што па-беларуску гэтыя імёны чыталі былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, сьвятары, праваабаронцы з трох дзясяткаў краінаў. Салідарнасьць і надзея — самая звычайная і заўсёды незвычайная рэч для турмы і для свабоды.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG