Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну падарожжаў у часе


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Другі ліст да тых, хто ўмее чытаць: Краіна падарожжаў у часе

Менш за ўсё мы ведаем мінулае, бо гэта самая вялікая рэч з усіх, што робяць нас намі, якая ўмяшчае ў сябе гісторыю і навуку, веру і прыроду, неба і каханьне. Аўтары «Бібліятэкі», як сталкеры, выпраўляліся ў зону мінулага і вярталіся са скарбамі, якія ня маюць цаны і таму бясцэнныя.
Як абяцана, кожную сераду і суботу ў сьнежні я прадстаўляю некалькі выданьняў «Бібліятэкі». Сёньня — пра дзевяць кніг, плён нашых падарожжаў у гісторыю.

Аляксандар Лукашук, Бібліятэкар Свабоды

Краіна падарожжаў у часе

«Беларуская Атлянтыда 1, 2»

Адразу дзьве кнігі спатрэбіліся Вячаславу Ракіцкаму, каб абмеркаваць спачатку Бога, сэкс, магію, сны, гарэлку, інтрыгі, бойкі і стравы зь селядцом, а потым разабрацца з нацыянальнымі мітамі і каляніяльнымі брэндамі — з жыцьцём і сьмерцю па-беларуску і ў эўрапейскім кантэксьце. Гутаркі з гісторыкамі, фальклярыстамі, пісьменьнікамі — так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі!

«Сто адрасоў свабоды 1980-2010»

Гэта першая мапа Свабоды. Вячаслаў Ракіцкі зафіксаваў і даў дакладныя каардынаты новай Атлянтыды — адрасы і гісторыі змаганьня за дэмакратыю і незалежнасьць у найноўшым часе. Будзе дзе ўсталёўваць мэмарыяльныя дошкі, здымаць фільмы — а вы, паважаныя чытачы, можаце туды прынесьці кветкі.

«Прыгоды АРА ў Беларусі»

Авантурная гісторыя самай забытай і самай вялікай у ХХ стагодзьдзі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў 1920–1923 гг. Бібліятэкар Свабоды Аляксандар Лукашук знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі (6 разоў!) і зрабіў любоўную рэканструкцыю эпохі. На прэзэнтацыі ў Менску адзін акадэмік сказаў, што аўтар заслугоўвае званьня кандыдата навук, адзін прафэсар запярэчыў, што доктара, а народны паэт Барадулін прапанаваў адразу Нобэлеўскую прэмію, хоць кнігу не чытаў. Але варта, бо, магчыма, АРА дапамагла выжыць вашым сваякам і, значыць, вам — знайдзіце сваіх!

«Падарожжа ў БНР»

Клясыка жанру і нават больш. Кніга Сяргея Шупы занадта маляўнічая, каб быць гістарычнай манаграфіяй, і занадта стрыманая ў аўтаравай фантазіі, каб быць літаратурным творам, адсюль і жанр — «архіўны раман». На яе старонках у трох сотнях кароткіх фрагмэнтаў апісваецца ўзьнікненьне цуду, які адбыўся 100 гадоў таму — незалежнай Беларусі. Дакраніцеся да цуду!

«Сьлед матылька. Освальд у Менску»

Беларуская сталіца — зачараванае месца для амэрыканскіх прэзыдэнтаў. Рычард Ніксан пасьля візыту зышоў у адстаўку, Клінтан пасьля аднаго дня ў Менску атрымаў імпічмэнт, Гілары Клінтан правяла тут толькі шэсьць гадзін, набрала на тры мільёны галасоў больш за суперніка на выбарах, але ня стала прэзыдэнткай ЗША. Адзінае ў ХХ стагодзьдзі забойства амэрыканскага прэзыдэнта, Джона Кенэдзі, таксама мае прамыя адносіны да Менску. Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША, адноўлена ў гэтай кнізе Аляксандра Лукашука, які вызначыў яе жанр як палёт матылька.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»

Але калі невядомае становіцца вядомым, яўным, яно вяртаецца і становіцца новай рэальнасьцю. Двума тамамі выйшла гэтае дасьледаваньне, якое ахоплівае пэрыяд з 1919 да 1956 гадоў. Кнігі выклікаюць дух Старога гораду на бітву з дэманам разбурэньня Менску — і перамагаюць забыцьцё. Адкрыйце і пабачыце, чаму не памылілася журы найвышэйшай у Беларусі незалежнай літаратурнай узнагароды — прэміі імя Ежы Гедройця, калі прысудзіла яе ў 2022 годзе Сяргею Абламейку.

Працяг будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG