Якія прадукты таньнейшыя ў Менску

Два тыдні таму Свабода апублікавала параўнаньне цэнаў на некаторыя прадукты ў Менску, Вільні, Варшаве і Бэрліне. Тады мы выбралі пераважна імпартныя харчы (напрыклад, авакада, чырвоную рыбу, аліўкавы алей) і высьветлілі, што ўсе яны каштуюць у Беларусі даражэй, чым у суседніх сталіцах. Падрабязныя вынікі параўнаньня можна паглядзець тут.

Мы атрымалі шмат водгукаў ад чытачоў з просьбамі параўнаць цэны на базавыя прадукты, якія беларусы купляюць штодня, пераважна мясцовай вытворчасьці. Выконваем.

Варта разумець, што гэтае параўнаньне не зьяўляецца сацыялягічным дасьледаваньнем. У кожным з гарадоў мы схадзілі ў крамы, у якія ходзім самі: у Менску – «Эўраопт», у Вільні – Maxima (у асноўным) і Rimi, у Варшаве – у Auchan, Biedronka і Carefour. Некаторыя прадукты былі на акцыі, у такім разе мы ўлічвалі акцыйную цану.

Цэны пералічылі паводле афіцыйнага курсу Нацбанку Беларусі на 25.04.2022 (1 эўра = 2,8785 BYN, 10 PLN = 6,2162 BYN).

Зялёным на карцінках адзначаны самы танны тавар у кожнай з катэгорый.

Грэчка. На момант куплі ў менскім «Эўраопце» прадавалася толькі расейская грэчка – выбар даволі вялікі, тры-чатыры вытворцы. Пачкаў па 1 кг не было, таму кошт пералічаны за кіляграм.
Масла. У менскай краме не знайшлося, як у суседзяў, пачкаў па 200 г, а толькі 180. Таму кошт пералічаны з разьліку на 200 г.
Хлеб. У розных краінах прадаюцца боханы рознай вагі, таму кошт мы разьлічылі як за кіляграм.
Мука. У беларускіх крамах па-ранейшаму цяжка знайсьці «Лідзкую» муку, хаця іншыя маркі беларускай вытворчасьці ёсьць у асартымэнце. Таксама прапануюць крамы і расейскую муку.
Папера офісная. Пасьля ўводу санкцыяў у Беларусі і Расеі ўзьніклі праблемы з офіснай паперай, таму што рэагенты, якія выкарыстоўваюцца для яе вытворчасьці, пастаўляліся з-за мяжы. У Беларусі прадаюць розныя віды паперы і па 40, і па 80 рублёў. На момант нашага наведваньня крамы «Эўраопт» у аддзеле канцылярыі знайшоўся толькі адзін від паперы – SvetoCopy Eco. Яна па цяперашнім часе вельмі танная, але характарыстыкамі адпавядае паперы, знойдзенай у Вільні і Варшаве (80 г/м²).
Агуркі. Тут варта зьвярнуць увагу, што на цэньніку зь Вільні ўказана цана аднаго асобна запакаванага агурка, цана за 1 кіляграм пазначана ніжэй дробным шрыфтам.

З 20 пазыцыяў 10 тавараў атрымаліся таньнейшыя ў Менску. Гэта яйкі, грэчка, масла, курынае мяса, чорны хлеб, кока-кола, мука, гарбата, мясцовыя памідоры і сланечнікавы алей. Драматычнай розьніцы няма, але сьвіная выразка, бульба, цукар і агуркі, грэцкія арэхі, паста Nutella, гарбата, макарона і апэльсіны ўсё ж таньней будзе купляць у Варшаве. Гэта тычыцца і офіснай паперы, нягледзячы на тое, што ў менскім «Эўраопце» мы знайшлі вельмі танны па беларускіх мерках варыянт. У Літве танныя толькі бананы, і то яны былі на акцыі.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што сярэдні заробак у Беларусі — 521 эўра (1 563 рублі), у Літве — 1 566 эўра, у Польшчы — 1 218 эўра.