Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка засумняваўся ў сумленнасьці праверкі працы супрацьпаветранай абароны, хоць зьбілі ўсе цэлі

абноўлена

У часе праверкі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў Цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА, 3 траўня 2024. Афіцыйнае фота
У часе праверкі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў Цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА, 3 траўня 2024. Афіцыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае, што Вайскова-паветраныя сілы (ВПС) і войскі супрацьпаветранай абароны (СПА) цалкам кантралююць сытуацыю над тэрыторыяй Беларусі.

«Праверка прайшла. Першае пытаньне, што мяне хвалявала, каб гэта ўсё было аб’ектыўна і сумленна. Як вайсковы чалавек вам магу сказаць, што калі праверку арганізавалі сумленна, як гэта належыць, — гэта дастойна», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, у часе праверкі ВПС і СПА выявілі ўсе паветраныя цэлі. «Ніводная з цэляў паўз вас не прайшла. Усю Беларусь, гэта бачна ў рэжыме рэальнага часу, вы кантралюеце. А калі кантралюеце, вы выявілі своечасова ўсе цэлі. Вы зь імі справіліся. Дзе трэба — зьнішчылі, дзе трэба — прымусілі да пасадкі, і гэтак далей. Вы бачыце, што адбываецца на памежжы, выведка працуе добра, інфармацыя перадаецца. Малайцы», — пахваліў ён вайскоўцаў.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што ягоная ацэнка слушная толькі ў тым выпадку, «калі праверка сапраўды была нечаканай, раптоўнай і сумленнай. «Калі так, то гэта ня проста ўражвае, а гэта прыстойна. [...] Таму ў мяне адна толькі насьцярожанасьць — каб гэта было сумленна. Раптоўная праверка — значыць, ведаюць тыя, каму трэба. А астатнія працуюць, як у ваенны час. Калі гэта так, то малайцы. Гэта нядрэнна», — падкрэсьліў ён.

У часе праверкі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў Цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў СПА.

Што пра праверку сказалі вайскоўцы

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што для правядзеньня праверкі істотна павялічылі склад дзяжурных сіл і дадаткова залучылі іншыя сілы, у тым ліку радыётэхнічныя войскі, а таксама дадатковыя экіпажы авіяцыі і падразьдзелы зэнітна-ракетных войскаў.

«Асаблівасьцю таксама стала тое, што была складаная паветраная абстаноўка. Дадаткова прызначаныя паветраныя цэлі. Усе цэлі, якія выявілі радыётэхнічныя войскі, зьнішчылі зэнітна-ракетныя войскі на далёкіх межах рэальных зонаў зьнішчэньня. Авіяцыя адпрацавала таксама вельмі добра», — сказаў камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін удакладніў, што праверку ВПС і войскаў СПА зладзілі ў сувязі зь вялікай канцэнтрацыяй войскаў NATO каля беларускіх межаў.

«Мы з вамі бачым, наколькі зьмяніліся формы і спосабы вядзеньня баявых дзеяньняў, нават па прыкладзе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, якая ідзе ва Ўкраіне. Цяпер і там гавораць пра вайну бесьпілётных лятальных апаратаў. Таму сёньня пільную ўвагу мы аддаём сродкам супрацьпаветранай абароны», — патлумачыў ён.

Віктар Хрэнін дадаў, што Ўзброеныя сілы Беларусі атрымліваюць сучасныя комплексы. «Гэта самалёты Су-30СМ, верталёты Мі-35М, зэнітна-ракетны комплекс С-400 „Трыюмф“, якія ажыцьцяўляюць ахову дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы і забясьпечваюць мірнае неба над нашай галавой», — сказаў міністар абароны Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG