Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў, Варыкаш, Цэдрык. Хто і як кіраваў «Валадаркай» у розныя гады


Будынак СІЗА №1 у Менску. Архіўнае фота
Будынак СІЗА №1 у Менску. Архіўнае фота

Другі эпізод падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» прысьвечаны найбольш вядомым сьледчым ізалятарам у Менску, так званым «Валадарцы» і «Амэрыканцы».

Слухаць 2 частку падкасту цалам

Тут фрагмэнт

«Валадарка» — турма ўжо амаль 200 гадоў. За яе кратамі пабывалі Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, практычна ўсе беларускія палітвязьні. Тут стралялі ў патыліцу энкавэдысты ў 1937 годзе. Ад 1953 году «Валадарка» — адзіная ўстанова ў Беларусі, дзе выконваюць сьмяротнае пакараньне. Усяго з 1991 году ў СІЗА № 1 расстралялі каля 400 чалавек.

Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1. Гэта фрагмэнт зь ягонага апошняга інтэрвію Свабодзе ў траўні 2022 году.

— Асуджаных на сьмяротную кару выводзяць з камэры, рукі зьвязваюць ззаду. Іх дастаўляюць да месца выкананьня прысуду. У месцы выкананьня прысуду знаходзіцца кіраўнік (гэта я), прадстаўнік органаў унутраных спраў і галоўная фігура ў гэтым працэсе — пракурор, а яшчэ доктар. Памяшканьне. Не зусім звычайнае, канечне, чалавек ня ведаў. Але гэта было памяшканьне... стол, крэслы там. Потым, калі паведамлялі, што хадайніцтва аб памілаваньні адхілена, я падаваў каманду канвою, і асуджанаму абвяшчалі, што яго цяпер вязуць у іншае месца, дзе прысуд прывядуць у выкананьне. Ён разумеў, што гэта будзе яшчэ не цяпер, што кудысьці павязуць. Пасьля чаго яму завязвалі вочы, заводзілі ў суседняе памяшканьне, дзе праз 10–15 сэкундаў гучаў стрэл. Усё... Ён думаў, што яго некуды павязуць, а для іх кожная гадзіна ці кожныя паўгадзіны — гэта вялікі тэрмін. Па сутнасьці, пакараньне сьмерцю рабілася раптоўна. Пасьля заводзілі наступнага. Ён ня бачыў, што там ужо адзін расстраляны ляжаў запакаваны ў мяшок. Заводзілі наступнага, і так усе, каго на гэты дзень вызначылі для сьмяротнай кары, былі расстраляныя і знаходзіліся ў памяшканьні, куды далей пад’яжджала машына, забіралі трупы і везьлі далей да месца пахаваньня.

Алег Алкаеў. Архіўнае фота
Алег Алкаеў. Архіўнае фота

Алег Алкаеў — адзіны высокапастаўлены прадстаўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі, які публічна выступіў супраць рэжыму. Ён быў ключавым сьведкам у справе зьніклых палітыкаў. Алега Алкаева ня стала ў верасьні 2022 году. Засталіся яго кніга «Расстрэльны пісталет», паказаньні ў справе зьніклых, дадзеныя нямецкай паліцыі, і шэраг інтэрвію, зь якіх можна зразумець, як пабудаваная пэнітэнцыярная і сілавая сыстэма Беларусі.

Андрэй Цэдрык. Архіўнае фота
Андрэй Цэдрык. Архіўнае фота

Пасьля Алкаева адным з начальнікаў «Валадаркі» быў Вікенці Варыкаш, у 2018 годзе яго замяніў Андрэй Цэдрык. Адна з уведзеных пры ім зьменаў у 2021 годзе — сваякі вязьняў больш ня могуць аформіць для сваіх родных падпіску на друкаваныя выданьні, МУС выключыла гэты пункт з правілаў унутранага распарадку.

Пра Андрэя Цэдрыка ўспамінае былая палітзьняволеная Ганна Вішняк, былая валянтэрка тэлеграм-канала «Водители 97%», якая адбыла тэрмін у 2,5 года зьняволеньня.

— Сустракалася асабіста... Калі я яго пабачыла ўпершыню, ён дастаткова молада выглядае. Ён нашмат маладзейшы за ўсіх сваіх паплечнікаў, таварышаў. Хто там галоўны злыдзень? Напэўна, ня Цэдрык. Цэдрык проста паперкі падпісвае, якія яму падаюць... Ён там мала вырашае, як мне падаецца. Там ёсьць такі Дзянісік, імя ня памятаю. Ён такіх поглядаў... Скажам так, гэта копія Лукашэнкі. Чалавек, які ўмее быць і хітрым, і лісьлівым. Амаль год я на «Валадарцы» правяла. Там было вельмі цесна, брудна, холадна заўсёды. Я знаходзілася ў адной з камэраў, дзе была лужына па шчыкалатку. Плесьня. На столі плесьня, на сьценах, у кутах.

Былая палітзьняволеная апісвае камэры, у якіх яна сядзела на «Валадарцы».

— На «Валадарцы» гэта суседнія камэры былі. Камэры 83, 76, і потым былі 74 і 75. У 74-й была лужына па шчыкалатку. Я там перасеклася з Вольгай Класкоўскай у 74-й, але яе потым адвезьлі з адкрытым крывацёкам. Мы ўсе сталі на абарону Вольгі, і ім прыйшлося яе на насілках выносіць з камэры. Нас дзеля пакараньня вывелі ўвечары, уначы ў двор, у піжамах пад дождж. За тое, што мы кожная абнялі Волю і крыкнулі «Жыве Беларусь», кожнага прозьвішча пазначылі і потым напісалі рапарты.

Неўзабаве «Валадарка» перастане быць турмой. Цяпер вязьняў паступова пераводзяць у новы сьледчы ізалятар у Калядзічах. Будаваць СІЗА і шпіталь для зьняволеных пачалі ў Калядзічах яшчэ ў 2010 годзе. Адкрыцьцё пераносілася неаднаразова, але мяркуецца, што Пішчалаўскі замак, дзе месьціцца цяперашні менскі сьледчы ізалятар, пасьля канчатковага пераезду «Валадаркі» ў Калядзічы аддадуць гораду. Чакаецца, што потым гэты гістарычны аб’ект адрэстаўруюць.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG