Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ўсе падвялі Паліну. Пра што сьведчаць кадры з палітзьняволенай


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Зьявіліся кадры зь «фільму» прапагандыстаў з Палінай Шарэндай-Панасюк у жаночай калёніі. Паліна жывая, самастойна ходзіць, размаўляе і арыентуецца ў прасторы. І гэта вельмі добрая навіна.

Я прапаную глядзець на гэтую творчасьць прапагандыстаў менавіта так — гэта доказ таго, што Паліна жывая і хоча працягваць жыць. Яна прымае рэальнасьць, у якой галоўная задача тут і цяпер — выжыць і вярнуцца на волю, каб быць разам зь сям’ёй. Абы толькі атрымалася.

Я месяцамі сачу за дыскусіямі на тэму палітзьняволеных і ўсё працягваю зьдзіўляцца, наколькі некаторыя людзі — не прапагандысты, а цалкам сабе нашыя, тыя, хто за перамены і вольную Беларусь — расчалавечваюць гэтых самых палітзьняволеных. Быццам гэта не жывыя людзі, а адмыслова для нас створаныя героі, чыя функцыя — быць нашым натхненьнем і матываваць нас на барацьбу з рэжымам. А мы мусім імі спраўна натхняцца і рыхтаваць усё новыя кампаніі падтрымкі. Толькі яны ўсе — сапраўдныя жывыя людзі, якім страшна, балюча і часам проста невыносна. І ніхто зь іх не падпісваўся на тое, каб губляць у калёніі здароўе, натхняючы нас на прыгожыя акцыі.

Нам усім даўно ўжо час прыняць новую рэальнасьць — шмат хто з палітзьняволеных піша прашэньні аб памілаваньні, шмат хто гатовы выходзіць на ўмове ад’езду з краіны. Людзі хочуць жыць, і ў тых, хто цяпер за кратамі, было ўжо дастаткова часу, каб убачыць на ўласныя вочы, што галоўнае там — выбрацца на волю.

Сёньня я прачытала, што некаторыя жанчыны ў калёніі ня пішуць прашэньне аб памілаваньні толькі таму, што баяцца асуджэньня з нашага боку. Пакуль умоўная я засынаю ў цёплай кватэры ў Рызе, накрыўшыся мяккай коўдрай, якую я сабе сама абрала, жанчына ў турме баіцца майго асуджэньня. І вашага таксама баіцца. Быццам мы нейкія маральныя арыенціры, быццам яна нам штосьці вінная і баіцца не апраўдаць нашага даверу.

Гэта ж абсурд! Абсурд і катастрофа!

Я ні ў якім разе не здымаю адказнасьць за рэпрэсіі са служкаў рэжыму і не кажу, нібыта мы вінаватыя ў тым, што ў калёніях жанчын тэрарызуюць. Супрацоўнікі адказваюць за свае дзеяньні, мы — за свае. І я вельмі хачу, каб усе «мы» нарэшце прынялі гэтую рэальнасьць, у якой жанчына, якая паказвала на судзе плякат «Убывай», называла сябе ваеннапалоннай, адмаўлялася выконваць любыя загады і адмаўлялася ад беларускага грамадзянства, цяпер таксама пагадзілася зьняцца ў роліку прапагандыстаў. Бо сытуацыя зьмянілася. Усё зьмянілася, і нам таксама трэба зьмяняцца і шукаць новыя падыходы.

Паліна зрабіла ўсё, што магла, каб мы біліся за яе як зьвяры. Але мы яе падвялі, і цяпер ёй даводзіцца ратаваць сябе самой.

Абы атрымалася.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG