Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер у нас супэрпрэзыдэнцкая краіна». Чаму ў Кіргізстане запанаваў страх і ці бясьпечна туды ехаць беларусам


Дырэктарка кіргіскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева. Кіраўнікі Беларусі і Кіргізстану Лукашэнка і Джапараў. Ілюстрацыйны каляж
Дырэктарка кіргіскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева. Кіраўнікі Беларусі і Кіргізстану Лукашэнка і Джапараў. Ілюстрацыйны каляж

Што адбываецца ў Кіргізстане, некалі адной з самых дэмакратычных краінаў Цэнтральнай Азіі, дзе былі канкурэнтныя выбары і незалежныя СМІ? Якія небясьпекі нясе кіргізам расейская мова, якая мае тут, як і ў Беларусі, статус другой дзяржаўнай?

Ці патрабуюць па-ранейшаму ўлады Кіргізстану выдачы былога прэзыдэнта Бакіева, якому даў прытулак Лукашэнка? Пра гэта расказвае дырэктарка кіргіскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра ўзмацненьне ўлады прэзыдэнта апошнія два гады

— Апошнія два гады мы назіраем за тым, як Кіргізстан праходзіць праз экспэрымэнт, калі ўсю паўнату ўлады перадалі прэзыдэнту. Цяпер у нас супэрпрэзыдэнцкая краіна, калі прэзыдэнт засяродзіў усе галіны ўлады ў сваіх руках. Дзясяткі палітычных апанэнтаў, апазыцыйных палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў былі арыштаваныя ў кастрычніку 2022 году за сваю крытычную думку наконт кіргіска-ўзбэцкай дзяржаўнай мяжы, якая была ўзгодненая пасьля іх арышту. Мы не пасьпяваем асьвятляць падзеі, гісторыі блогераў, журналістаў, якіх запрашаюць на допыты ў Нацыянальны камітэт бясьпекі, пасьля чаго іх затрымліваюць, доўга ідуць судовыя справы.

Упершыню за гісторыю незалежнага Кіргізстану масава затрымалі прадстаўнікоў СМІ — 11 чалавек былі затрыманыя ў студзені сёлета... Гэта ўсё маладыя людзі, да 30 гадоў, удзельнікі каманды Temirov Live, шырока вядомай сваімі расьсьледаваньнямі, антыкарупцыйнымі расьсьледаваньнямі. Яны рабілі расьсьледаваньні пра тое, як блізкія людзі прэзыдэнта і іншых афіцыйных асобаў, у тым ліку міністра ўнутраных справаў, былі заўважаныя на сумесных фота з прадстаўнікамі крымінальных груповак, ці як яны лётаюць у вельмі фэшэнэбэльныя месцы адпачываць, як езьдзяць на вельмі дарагіх машынах, ці якім чынам атрымліваюць вельмі высокія пасады.

Апошнія некалькі гадоў Кіргізстан вельмі рашуча, шпаркімі тэмпамі вяртаецца назад. Усе міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Freedom House і Камітэт па абароне журналістаў, уключылі Кіргізстан у лік несвабодных краінаў. Да гэтага шмат гадоў Кіргізстан быў у ліку параўнальна свабодных краінаў, а цяпер усе міжнародныя арганізацыі, заходнія дзяржавы і міжнародныя супольнасьці выказваюць вялікую трывогу праз тое, што адбываецца ў краіне з свабодай слова і грамадзянскімі правамі.

Пра ролю Расеі

— Падзеі, што адбываюцца ў Расеі і Ўкраіне, адыгрываюць вялізарную ролю. Мы атрымліваем увесь час папярэджаньні, што Кіргізстан займае нэўтральную пазыцыю наконт вайны ва Ўкраіне. Законапраект, які знаходзіцца ў парлямэнце Кіргізстану, — амаль што копія расейскага заканадаўства аб іншаземных агентах. А новы законапраект аб СМІ — на 95% копія расейскага закону. Мы стала адчуваем ціск Расеі і моцную руку Масквы ў тым, што адбываецца ў Кіргізстане.

Пра фэномэн Кіргізстану як адзінай дэмакратыі ў Цэнтральнай Азіі

— Кіргізстан пайшоў сваім шляхам яшчэ пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х. Тады праз масавыя пратэсты зрынулі камуністычнага кіраўніка. Дэпутаты хутка абралі навукоўца, акадэміка Аскара Акаева, які, як усе любяць жартаваць, «дэсантам прыбыў з Масквы». Лічылася, што ён быў вельмі адукаваным чалавекам. Ягоным галоўным слоганам на пачатку 1990-х было: «Мы пабудуем Швайцарыю ў Кіргізстане». Ён казаў, што гэта будзе выспа дэмакратыі ў Цэнтральнай Азіі. Быў вялікі бум стварэньня незалежных СМІ, НДА. Цяпер мы маем у Кіргізстане больш за 22 тысячы НДА, амаль у кожным сяле, у кожнай супольнасьці ёсьць НДА, вельмі многімі зь іх кіруюць жанчыны. Ёсьць вельмі моцная грамадзянская супольнасьць. Ня ведаю, якая будучыня ўсяго гэтага — яна залежыць ад таго, як у цэлым будзе мяняцца палітычная сытуацыя ў Цэнтральнай Азіі і рэгіёне былога СССР.

Пра расейскую мову як другую дзяржаўную ў Кіргізстане

— Кіргізстан знаходзіцца пад вялікім уплывам расейскай мовы, культуры і гісторыі. Дэкалянізацыя, якая ідзе больш актыўна ў Казахстане, амаль немагчымая пакуль у Бішкеку. У нас чатыры раёны ў Бішкеку — Кастрычніцкі, Першамайскі, Сьвярдлоўскі і Ленінскі. Помнік Леніну па-ранейшаму стаіць у цэнтры Бішкеку. Эканамічна Кіргізстан у большай залежнасьці ад Расеі, чым Казахстан, бо ў нас няма столькі прыродных рэсурсаў. Амаль пятая частка насельніцтва знаходзіцца ў Расеі, працуе там, зарабляе грошы, якія дасылае дадому. Калі сьпікер парлямэнту прапанаваў памяняць назвы гэтых раёнаў сталіцы, тут жа яго выклікалі ў амбасаду Расеі на размову, і ён перастаў уздымаць гэтае пытаньне.

Ці бясьпечна беларусам ехаць у Кіргізстан

— У нас ёсьць агульная база дадзеных з Расеяй. Некалькіх расейскіх грамадзянаў дэпартавалі з Кіргізстану ў Расею. Супрацоўнікі Нацыянальнага камітэту бясьпекі знаходзяцца ў шчыльным супрацоўніцтве з ФСБ, абменьваюцца інфармацыяй і рознымі дадзенымі. Калі беларускія актывісты ці людзі з апазыцыйнымі меркаваньнямі прыедуць у Кіргізстан, ёсьць вялікая небясьпека, што іх нейкім чынам, нават неафіцыйна, могуць забраць і перадаць у Расею ці Беларусь.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG