Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзея, безь якой Віцебск і Магілёў засталіся б расейскімі, а Лукашэнка ня меў бы шанцаў стаць прэзыдэнтам Беларусі


Аляксандар Чарвякоў, Ёсіф Сталін, каляж
Аляксандар Чарвякоў, Ёсіф Сталін, каляж

Бывалі часы, калі Масква мірна вяртала чужыя землі. Так здарылася сто гадоў таму, 3 сакавіка 1924 году, калі беларусы без вайны больш як удвая павялічылі тэрыторыю рэспублікі.

Сьцісла:

  • Вяртаньне ў 1924 годзе беларускіх земляў, якія на той час ужо пяць гадоў лічыліся часткай тэрыторыі РСФСР, было для ўладаў БССР зусім ня лёгкай і ня простай справай. Даводзілася пераадольваць вялікі супраціў асобных кіраўнікоў РСФСР і мясцовых русыфікаваных эліт.
  • Тэрытарыяльныя зьмены 1924 году сталі для будучыні Беларусі ў пэўнай ступені вызначальнымі. Калі б ня тое «узбуйненьне», зусім па-іншаму выглядалі б сучасныя паўночныя, усходнія і паўднёвыя межы незалежнай Беларусі.
  • Пуцінская лекцыя гісторыі, якую ён часта чытае сваім суразмоўцам, магла б датычыць ня Крыма, Данбаса і Адэсы, а Віцебска, Магілёва і Гомля. Гісторыі фармаваньня тэрыторыі савецкай Украіны і савецкай Беларусі шмат у чым падобныя.
  • На тле расейскай агрэсіі і прэтэнзіяў Масквы на ўкраінскія тэрыторыі новае перакройваньне дзяржаўных межаў у Эўропе ўжо не выглядае чымсьці фантастычным і неверагодным.
  • Пагаджаючыся ў 1924 годзе на «ўзбуйненьне» БССР, у Крамлі разьлічвалі, што гэта далучэньне — апошняя кропка ў гісторыі з прэтэнзіямі беларусаў і болей да гэтай тэмы вяртацца не давядзецца. Але «ўзбуйненьне» было не апошнім.

Магчыма, калі-небудзь гэтая дата будзе адзначацца ў Беларусі як адна з найбольш важных гістарычных падзеяў у найноўшай нацыянальнай гісторыі. Ня кожнае дзесяцігодзьдзе і нават стагодзьдзе нацыі ўдаецца больш чым на палову павялічваць сваю тэрыторыю, прычым без агрэсіі і калатнечы, толькі шляхам перамоваў з суседзямі. А менавіта гэта адбылося сто гадоў таму, 3 сакавіка 1924 году.

У нацыянальнай гісторыі тое «першае ўзбуйненьне БССР» ніколі асабліва не вылучалі і не ўшаноўвалі, нават у часы незалежнасьці. Маўляў, БССР не была незалежнай дзяржавай, а значыць, і зьмена яе адміністрацыйных межаў не такая ўжо эпахальная зьява, шараговая ў гістарычнай хроніцы сярод пераліку куды больш значных падзеяў бурных 20-х гадоў. Хоць, як выявілася пазьней, зьмены тыя сталі для будучыні Беларусі ў пэўнай ступені вызначальнымі. Калі б ня тое «узбуйненьне», зусім па-іншаму выглядалі б сучасныя паўночныя, усходнія і паўднёвыя межы незалежнай Беларусі. Беларусь ня мела б Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей. Не існавала б беларуска-латвійскай мяжы. І яшчэ адна, зусім ня дробная дэталь: вёска Александрыя Шклоўскага раёна не ўваходзіла б у склад БССР. А значыць, у народжанага ў РСФСР Аляксандра Лукашэнкі не было б ніякіх шанцаў у 1990 годзе стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1994-м — на доўгія дзесяцігодзьдзі ўзначаліць незалежную Рэспубліку Беларусь. Гісторыя краіны разгортвалася б зусім па-іншаму.

Вялікі перадзел Беларусі

Савецкая Беларусь на пачатку 1924 году была найменшай з тагачасных саюзных рэспублік: 52,3 тыс. кв км. Гэта ў 6 разоў меней за абвешчаную ў 1919 годзе БССР і ў чатыры разы меней за цяперашнюю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пад Докшыцамі і Нясьвіжам пачыналася Польшча, за Мазыром і Бабруйскам — савецкая Расея.

«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй пісаў Янка Купала пра тое, што засталося ад Беларусі ў выніку ганебнай Рыскай дамовы 1921 году.

Тым ня менш тое, што яна захавалася хоць бы ў такім стане і выглядзе, ня зьнікла канчаткова ў віхуры грамадзянскай і савецка-польскай войнаў, пакідала шанец, што калі-небудзь удасца вярнуць страчанае. І гэты шанец упершыню ўдалося выкарыстаць сто гадоў таму. 3 сакавіка 1924 году, пасьля шматлікіх настойлівых просьбаў ураду БССР усерасейскі ЦВК выдаў дэкрэт «Аб перадачы Беларусі раёнаў зь пераважным беларускім насельніцтвам». У пэўным сэнсе беларускія нацыянал-бальшавікі «даціснулі» расейскіх і тыя ўрэшце пагадзіліся часткова вярнуць тое, што забралі ў 1919 годзе. БССР атрымала 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў. Такім чынам тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым удвая, а насельніцтва — амаль утрая. Калі б не прынятыя тады рашэньні, сёньняшняя ўсходняя мяжа Беларусі пралягала б зусім у іншым месцы. А тры сёньняшнія ўсходнія вобласьці Беларусі, хутчэй за ўсё, былі б памежнымі абласьцямі Расеі, канчаткова зрусыфікаванымі — такімі ж, як Смаленская ці Бранская. І без хоць якіх шанцаў вяртаньня ў склад Беларусі.

Мапа БССР 1926 году
Мапа БССР 1926 году

Вяртаньне земляў, якія на той час ужо пяць гадоў лічыліся часткай РСФСР, было зусім ня лёгкай і простай справай. Гэта забірала іх Масква ў 1919-м годзе хутка і без усялякіх узгадненьняў зь беларускімі ўладамі, а вось вяртаць зусім не сьпяшалася.

Асоба, безь якой наўрад ці адбылося б узбуйненьне Беларусі (а калі б і адбылося, то не ў такіх маштабах) — тагачасны кіраўнік ураду БССР Аляксандар Чарвякоў.

Аляксандар Чарвякоў, беларускі палітык, кіраўнік ураду БССР
Аляксандар Чарвякоў, беларускі палітык, кіраўнік ураду БССР

Магчыма, гэта была галоўная справа ягонага жыцьця. Так, ён быў бальшавіком, але пры гэтым заставаўся і беларускім патрыётам. За беларускія межы ён спрабаваў змагацца яшчэ ўвосень 1920-га, калі самастойна накіраваўся ў Рыгу як старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі, на мірныя перамовы з Польшчай.

Атрымаць прызнаньне беларускай савецкай дэлегацыі не ўдалося: Масква і Варшава тады падзялілі Беларусь так, як самі захацелі. Але наступныя шэсьць гадоў малады кіраўнік ураду БССР (яму ледзь споўнілася трыццаць) упарта і пасьлядоўна дамагаўся ад Крамля выкананьня тых абяцаньняў, якія даваліся беларусам у 1919-1920 гадах, калі, спасылаючыся на вайну з Польшчай і замежнапалітычныя інтарэсы, маскоўскія бальшавікі тэрыторыю Беларусі ўвесь час «абрэзвалі». Мяркуючы па дакумэнтах таго часу, ён няспынна падымаў гэту праблему, слаў лісты і звароты, курсаваў паміж Менскам і Масквой, «прабіваючы» гэта пытаньне ў крамлёўскіх кабінэтах.

Узбуйнім Беларусь — на зло Польшчы

Гэта былі першыя гады існаваньня СССР, пакуль зусім не таталітарнага. Яшчэ жывы Ленін, хоць ужо цяжка хварэе і не прыяжджае на працу ў Крэмль са сваіх Горак. Прадчуваючы ягоную хуткую сьмерць, «пад дываном» пачынаюць жорсткую бойку за лідэрства іншыя бальшавіцкія правадыры — Троцкі, Сталін, Зіноўеў, Каменеў. На гэтым тле, калі вядуцца жорсткія ўнутрыпартыйныя дыскусіі і акрэсьліваюцца першыя абрысы будучага дыктатарскага рэжыму, у Крамлі ня надта пераймаюцца беларускімі справамі і праблемамі. Паводле пасады справы такога кшталту ўваходзілі ў кампэтэнцыю Сталіна. Ён на той час народны камісар у справах нацыянальнасьцяў. Але адначасова — генэральны сакратар ЦК РКП(б). Праўда, тады гэта пасада яшчэ не азначала лідэрства ў партыі, толькі кіраўніцтва партыйным апаратам. Сталін толькі пачынаў убірацца ў сілу.

Шыльда на краме ў ранняй БССР на 4 мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідышы
Шыльда на краме ў ранняй БССР на 4 мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідышы

Чарвякоў, мяркуючы па ўсім, добра ведаў, як у такіх умовах прыцягнуць увагу бальшавіцкіх правадыроў да беларускіх праблемаў. Як ні дзіўна, ключом стала гульня на імпэрскіх комплексах, якія ў выпадку з бальшавікамі мудрагеліста трансфармаваліся ў мроі пра сусьветную пралетарскую рэвалюцыю і ўтапічныя пляны татальнага Камінтэрну. Чарвякоў няспынна ціснуў на гэты балючы для Масквы пункт на працягу 1921–1923 гадоў.

Маўляў, калі пашырым БССР, гэта будзе мець «вялізнае дэманстратыўна-палітычнае значэньне. Толькі такім шляхам будуць ліквідаваныя папрокі ў адрас савецкай улады з боку Польшчы ў гвалтоўнай русыфікацыі Беларусі, а таксама інтрыгі беларускіх нацыяналістаў і сацыял-патрыётаў, у беларускіх працоўных масах умацуецца прыхільнасьць да савецкай улады, а ў асяродзьдзі беларусаў, якія падпалі пад уладу буржуазнай Польшчы, існаваньне ўзорнай Беларускай савецкай рэспублікі павялічыць імкненьне да нас і яшчэ больш узмоцніць варожасьць да буржуазнага ладу Польшчы». (Прыведзеная вышэй цытата — з даклада групы беларускіх камуністаў у ЦБ КПБ ад 1 лютага 1921).

Але гэтая ж думка пасьлядоўна паўтараецца ў шэрагу іншых дакумэнтаў таго часу. Напрыклад, у запісцы Наркамату замежных спраў ад 15 верасьня 1922 году (наркомам замежных спраў у 1920-1923 гадах быў зноў жа Чарвякоў — ён сумяшчаў пасады):

«Паколькі Беларусь будзе ўяўляць зь сябе дзяржаву, па сваім геаграфічным і палітычным значэньні супастаўнай з такімі дзяржавамі, як Літва, Латвія ці Польшча, пастолькі яна зьявіцца магутным прыцягальным цэнтрам для замежнай Беларусі. Тая частка беларускага насельніцтва, якая нават не спачувальна ставіцца да Савецкай улады з чыста палітычных меркаваньняў, убачыўшы, што Беларуская савецкая рэспубліка ўмацоўваецца і што іншай беларускай дзяржаўнасьці пры сучасным стане рэчаў ня можа быць створана, далучыцца да руху на карысьць далучэньня заходніх ускраін этнаграфічнай Беларусі, якія адышлі да Польшчы, да ўжо аб’яднанай паводле таго ж прынцыпу БССР...»

Што праўда, так урэшце і адбудзецца — праўда, з прычыны зусім іншых гістарычных абставін і значна пазьней, у 1939 годзе. І Чарвякоў гэтага ўжо ня ўбачыць.

«Жарты пра „Вялікую Беларусь“»

Створаная ў саюзным ЦВК адмысловая камісія пад кіраўніцтвам Авэля Енукідзэ, якая займалася вяртаньнем беларускіх тэрыторый, у цэлым да жаданьняў беларускага боку ставілася прыхільна, з разуменьнем. Але былі там і зацятыя праціўнікі. Вось як пра іх пісалі ў сваім лісьце Чарвякоў і Багуцкі (16 сьнежня 1923 г.):

«Камісія ЦВК затрымлівае пытаньне таму, што ў яе склад уваходзяць ад РСФСР тт. Сапронаў і Сьмірноў. Смірноў як рускі камуніст наогул супраць аддзяленьня часткі РСФСР, незалежна ад таго, да каго гэтая частка далучаецца. Але гэта яшчэ паўбяды. Горш ідзе справа з т. Сапронавым. Сапронаў — адзін з правадыроў цяперашняй апазыцыі да ЦК. Дыскусія ў Маскве прыняла незвычайна вострыя формы. Усё і ўсе выкарыстоўваюцца як прылада для дыскусіі. А паколькі Сапронава вінавацяць, што ён імкнецца эмансыпаваць Савецкую ўладу ад партыйнага ўплыву, то ён даказвае, што партыя занадта паглынае ініцыятыву і самадзейнасьць савецкіх органаў і як прыклад прыводзіць на сходах у раёнах, ячэйках і інш. беларускае пытаньне. Матывуецца гэта прыкладна наступным чынам: беларускае пытаньне вырашана Палітбюро і прынцыпова, і практычна (межы), а ён, Сапронаў, сакратар ЦВК РСФСР і старшыня Камісіі па раянаваньні РСФСР, нічога пра гэта ня ведае і ня чуў, а калі і чуў выпадковыя размовы ў гэтым пытаньні, то лічыў, што гэта толькі жарты пра „Вялікую Беларусь“.

Менск, Высокі Рынак (1928)
Менск, Высокі Рынак (1928)

...Сапронаву, відавочна, хочацца, каб Палітбюро яшчэ раз пацьвердзіла сваё рашэньне, бо гэта дасьць яму яшчэ адзін козыр у рукі супраць ЦК, і асабліва супраць Палітбюро».

Так, паводле савецкіх мерак, гэта быў час надзвычайнай партыйнай дэмакратыі: наркам земляробства РСФСР Аляксандар Сьмірноў адкрыта выступае супраць рашэньня Палітбюро аб узбуйненьні Беларусі; сакратар ЦВК РСФСР Цімафей Сапронаў увогуле супраць таго, каб партыя ўмешвалася ў кампэтэнцыю «савецкіх органаў»... На жаль, ніхто зь іх — ні Сьмірноў, ні Сапронаў, ні Енукідзэ (які ўзначальваў камісію), ні сам Чарвякоў не пакінулі ўспамінаў пра той час. Гэта было пакаленьне тых першых заслужаных бальшавікоў, якім ня суджана было дажыць да старасьці. Сапронава і Енукідзэ расстралялі ў 1937-м, Сьмірнова — у 1938-м. Аляксандар Чарвякоў застрэліўся ў сваім кабінэце 16 чэрвеня 1937-га, у перапынку партыйнага зьезду, на якім яго рэзка крытыкавалі з усіх бакоў за «недастатковую працу ў зьнішчэньні ворагаў народу». Яму было ўсяго 45 гадоў.

«Пакіньце Віцебшчыну ў Расеі»

Пашырэньню тэрыторыі БССР за кошт усходніх абласьцей РСФСР супраціўляліся ня толькі высокія маскоўскія начальнікі. Не ў захапленьні былі і многія мясцовыя намэнклятурнікі, асабліва зь небеларусаў. Найбольш зацята ўпарціліся супраць далучэньня губэрні да Беларусі бальшавіцкія ўлады ў Віцебску. Мясцовыя кіраўнікі губкаму РКП(б), якія пераважна ня мелі беларускіх каранёў, на пачатку сьнежня 1923 году запатрабавалі адмяніць на пленуме ЦК ужо прынятае ў Палітбюро рашэньне. Аргумэнтацыя была, сярод іншага, наступная:

З пастановы пленуму Віцебскага губкому РКП(б) ад 8 сьнежня 2023 году:

«Далучэньне Віцебскай губэрні да Беларусі не выклікаецца правільнасьцю вызначэньня насельніцтва ў моўна-бытавых адносінах, бо перапісам Наркамросу выяўлена, што насельніцтва Віцебскай губэрні страціла побытавыя беларускія рысы і беларуская мова незнаёмая большасьці насельніцтва губэрні, за выключэньнем адзіночак-старых. Такім чынам, далучэньне губэрні да Беларусі, якое непазьбежна патрабуе правядзеньня палітыкі ў бок беларусізацыі, прывядзе да балючай ломкі ў сялянскім насельніцтве, якое да пытаньня аб далучэньні ставіцца адмоўна».

Для Чарвякова гэта было вялікім ударам. Існавала рызыка, што ўся справа апынецца пад пагрозай і ў лепшым выпадку будзе адкладзеная на няпэўны час. У Маскве не маглі праігнараваць рашэньне цэлай губэрнскай партарганізацыі: рыхтаваўся разгляд пытаньня на Палітбюро. Чарвякоў камандзіраваў у Віцебск групу сваіх аднадумцаў са складу партапарату: тлумачыць, угаворваць, пераконваць. Асаблівы акцэнт на моўным пытаньні: «І гомельцы, і віцябляне запалоханыя „пачварай“, якая называецца беларускай мовай. Трэба растлумачыць наш падыход да гэтага пытаньня» (зь ліста Чарвякова і Багуцкага камандзіраваным супрацоўнікам).

Як эмісары Чарвякова ўгаворвалі віцебскіх бальшавікоў, чым улагоджвалі і якія аргумэнты на карысьць далучэньня да БССР выстаўлялі, можна толькі здагадвацца. Але місія, выглядае, была ўдалай. Урэшце справа скончылася скандальнай сытуацыяй: прадстаўнікі Віцебскага губкаму РКП(б), выкліканыя на паседжаньне Палітбюро 29 сьнежня 1923 году, туды не зьявіліся. Генэральны сакратар ЦК Сталін двойчы пасылаў з гэтай нагоды шыфратэлеграму сакратару Віцебскага губкаму Мэднэ — 18 і 28 сьнежня. Безвынікова.

Аляксандар Чарвякоў выступае перад савецкім кіраўніцтвам
Аляксандар Чарвякоў выступае перад савецкім кіраўніцтвам

Урэшце, у пастанове Палітбюро «Аб межах Беларусі» ад 29 сьнежня 1923 году з подпісам Сталіна было адзначана:

«Беручы пад увагу, што двойчы запрошаныя прадстаўнікі Вітгубкаму не зьявіліся на паседжаньне Палітбюро, а таксама тое, што большасьць Камісіі ЦВК палічылі пратэст Вітгубкаму неабгрунтаваным, пакінуць яго без наступстваў».

Віцебшчына ўрэшце стане часткай БССР — праўда, бяз трох паветаў — Вяліскага, Невельскага і Себескага, якія вырашана было пакінуць у складзе РСФСР.

Адметны факт: кіраўнік віцебскіх бальшавікоў Эдуард Мэднэ, які так дарэчы для беларускай дэлегацыі праігнараваў паседжаньне Палітбюро і дзьве тэлеграмы Сталіна, неўзабаве пасьля далучэньня атрымаў пасаду ў ЦК РКП(б) як прадстаўнік часовага Беларускага бюро. І наўрад ці гэта прызначэньне адбылося без удзелу Чарвякова. Ці было гэта ўзнагародай за адмаўленьне ад пратэсту, гісторыя маўчыць.

«Новы ганебны падзел Бацькаўшчыны»

Сярод тагачасных беларускіх палітэмігрантаў навіна пра пашырэньне БССР выклікала пераважна скептычныя водгукі.

Вацлаў Ластоўскі ў эмігранцкім часопісе «Крывіч» (сакавік 1924-га) рэзка крытыкаваў гэта ўзбуйненьне, але за тое, што многія этнічна беларускія тэрыторыі так і не вярнуліся ў склад Беларусі.

Паводле ягоных падлікаў, на расейскім баку заставаліся яшчэ 90–100 тысяч квадратных вёрст тэрыторый і каля 4 мільёнаў беларускага насельніцтва:

Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі

«Падзел зроблены, як ніводзін дагэтуль, бо пад відам надзвычайнага „дабрадзейства“, пад крык клопату камуністычнай партыі аб небывалай, нябачанай „справядлівасьці“ да беларускага працоўнага народу!.. Маскоўшчына падзялілася зь Менскам беларускімі землямі папалам: з палавіны зямель, што пад яе абладай, утворана „незалежная“ Беларусь, а другую палавіну загарнулі сабе, на русыфікацыю... Паднявольная менская прэса аб гэтай крыўдзе маўчыць, наадварот, кураць там кадзілы і пяюць гімны панскай ласкавасьці трэцьцяга інтэрнацыяналу... Мы, аднак, ня можам далучыць свайго голасу да гэных хваласьпеваў, бо жаль нам сьціскае душу і на вусны ціснуцца словы абураньня. Гэты ганебны, новы падзел нашай дарагой Бацькаўшчыны, нараўне з Рыскім падзелам, выклікае ў нас пратэст, тым больш што ён падаецца нам у форме нейкай вышэйшай чырвонай справядлівасьці».

Украіна імя Леніна, Беларусь імя Сталіна

21 лютага 2022 году, за дзень да пачатку вайны, даючы гістарычнае абгрунтаваньне сваёй узброенай агрэсіі супраць Украіны, Пуцін спасылаўся менавіта на той пэрыяд, калі ў першыя пасьлярэвалюцыйныя і пасьляваенныя гады адбывалася вызначэньне межаў новых саюзных рэспублік, якія склалі СССР:

«Гэты працэс (пашырэньня Ўкраіны. — В.Б.) пачаўся практычна адразу пасьля рэвалюцыі 1917 году, прычым Ленін і ягоныя паплечнікі рабілі гэта вельмі грубым у дачыненьні да самой Расеі спосабам — за кошт аддзяленьня, адрываньня ад яе часткі яе ўласных гістарычных тэрыторый».

Пуцін нават прапанаваў назваць Украіну імем Леніна — як яе аўтара і архітэктара.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і старшыня Канстытуцыйнага суда РФ Валеры Зоркін падчас сустрэчы ў Крамлі разглядаюць мапу Ўкраіны
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і старшыня Канстытуцыйнага суда РФ Валеры Зоркін падчас сустрэчы ў Крамлі разглядаюць мапу Ўкраіны

Адметна, што дакладна такая ж пуцінская лекцыя гісторыі (і амаль з тымі ж цытатамі) магла б прагучаць не пра Крым, Данбас і Адэсу, а пра Віцебск, Магілёў і Гомель. І не пра Ўкраіну імя Леніна, а пра Беларусь імя Сталіна: за фармаваньне тэрыторыі БССР бальшавікі ўзяліся пазьней, калі Ленін ужо быў безнадзейна хворы і ўсе рашэньні пра зьмены межаў зацьвярджаў пераважна Сталін.

Цікава, што Лукашэнка апошнім часам таксама нярэдка пускаецца ў гістарычныя развагі пра перадзел дзяржаўных межаў. Апошні раз — 16 лютага 2024-га. Выступаючы на агульным сходзе Белкаапсаюзу, ён паведаміў, што апазыцыя нібыта вядзе перамовы з Захадам:

«Польшча мае права на заходнія землі Беларусі. А ў выпадку паразы Расеі Беларусь будзе прырастаць за кошт заходніх земляў Расеі. Чытай: нам прырэжуць нешта са Смаленскай, Бранскай, можа, Пскоўскай абласьцей. А Заходнюю Беларусь мы павінны (да Менску, як вы ведаеце, мяжа была) аддаць Польшчы. Гэта новыя „дэмакратычныя ўлады“ вядуць перамовы на Захадзе».

Хто вядзе такія перамовы? З кім? Калі гэта было і ці было ўвогуле? Гэтыя дэталі засталіся за кадрам. Але разглядаць агучанае толькі як беспадстаўныя і неабгрунтаваныя фантазіі таксама наўрад ці варта. Як паказвае практыка, Лукашэнка часта ўкладае ў чужыя вусны ўласныя ідэі, развагі і думкі.

Межы дзяржаў рэдка застаюцца нязьменнымі на працягу стагодзьдзяў. Беларуская дзяржаўная мяжа апошні раз істотна мянялася амаль 80 гадоў таму, у жніўні 1945-га, і не на карысьць Беларусі, хоць БССР лічылася ў шэрагу пераможцаў у Другой сусьветнай вайне. Тады паводле дамовы паміж Варшавай і Масквой да Польшчы адышла Беластоцкая вобласьць БССР. Згоды беларусаў на гэта, як звычайна ў той час, ніхто не пытаўся.

Назіраючы цяперашні крывавы перадзел тэрыторыі Ўкраіны, цяжка не прыйсьці да высновы, што чалавецтва нібы вяртаецца на стагодзьдзе назад. І новае перакройваньне дзяржаўных межаў ужо не выглядае чымсьці фантастычным і неверагодным.

Рэха 1924 году

У Крамлі ў 1924 годзе, відавочна, лічылі, што гэтае далучэньне — апошняя кропка ў гісторыі з прэтэнзіямі беларусаў і болей да гэтай тэмы вяртацца не давядзецца. Гэта падкрэсьлівалася нават у назьве адпаведнай пастановы прэзыдыюму ЦВК СССР ад 7 сакавіка 1924 году: «Аб аб’яднаньні ў складзе Беларускай ССР усіх тэрыторый Савецкага Саюзу з большасьцю беларускага насельніцтва».

Адметна, што ў пастанове вяртаньне тэрыторый не без падстаў названа «гістарычным момантам для жыцьця савецкай Беларусі». Праўда, у наступныя дзесяцігодзьдзі існаваньня БССР на гістарычнасьці таго моманту акцэнтаваць увагу не наважваліся. Пра яго ўвогуле стараліся ня згадваць.

Між тым Гомель і Рэчыца пасьля 1924-га па-ранейшаму заставаліся ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. Але гэта быў наступны раўнд барацьбы Чарвякова за вяртаньне беларускіх земляў, які разгарнуўся на працягу наступных двух гадоў. І які Аляксандар Чарвякоў урэшце таксама выйграў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG