Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У студзені ў Беларусі зьнізіліся сярэднія заробкі, найбольш у ІТ. Расказваем, чаму так адбылося і што тармозіць эканоміку


Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота

1991 рубель 2 капейкі — такі сярэдні заробак у Беларусі быў у студзені. Гэта на 279 рублёў і 8 капеек менш, чым у сьнежні.

Белстат апублікаваў сярэднія заробкі беларусаў за студзень. Яны вылічваюцца без уліку аплачаных падаткаў (13% падаходнага і 1% у фонд сацыяльнай абароны). Агулам сярэдні заробак зьменшыўся ў параўнаньні са сьнежаньскім на 279 рублёў 8 капеек.

Найбольш сярэдні заробак за месяц зьнізіўся ў сфэры ІТ — да 5182 рублёў 1 капейкі. Гэта на 21% менш, чым у сьнежні. Такое зьніжэньне спэцыялісты з гэтай сфэры зьвязваюць з ад’ездам кваліфікаваных спэцыялістаў за мяжу. Яны звычайна займалі высокія пасады і мелі добрую заработную плату.

У прамысловасьці заробкі зьнізіліся на 12%, у сельскай гаспадарцы — на 5%, у сфэры аховы здароўя — на 11,6%, у адукацыі — толькі на 2,3%.

«Рост заробкаў запаволіцца»

Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, зьніжэньне зьвязана з сэзонным фактарам, бо ў сьнежні плацяць бонусы і прэміі. Аднак так, як летась, заробкі расьці ня будуць, мяркуе экспэрт.

«Так адбываецца кожны год, бо ў сьнежні выплачваюцца прэміі. У сьнежні заробкі заўжды вышэйшыя. Калі прыбраць сэзонны фактар, то заробкі засталіся такімі ж, а з улікам інфляцыі яны зьнізіліся ў межах 0,5%. Гэта складана назваць зьніжэньнем. Летась быў рост заробкаў у сьнежні вышэйшы за сэзонную норму. Заробкі працягнуць расьці з папраўкай на інфляцыю, на гэта ўплывае дэфіцыт супрацоўнікаў. Рост эканомікі будзе запавольвацца. Рост заробкаў таксама будзе запавольвацца», — мяркуе эканаміст.

«У прамысловасьці стагнацыя, у гандлі — запавольваньне росту»

З аналітыкі Эўразійскага банку разьвіцьця відаць, якія сфэры ў беларускай эканоміцы паказваюць рост, а якія наадварот, тармозяць разьвіцьцё. Адзін з драйвэраў — прамысловасьць, +5,4% росту за год (студзень да студзеня мінулага году).

Па словах Анатоля Харытончыка, у прамысловасьці дасягнулі столі ў росьце. Далей нарошчваць выпуск такімі ж тэмпамі не атрымаецца.

«Большая частка прадукцыі прамысловасьці ідзе на экспарт. Летась было ўзнаўленьне, і зараз аб’ёмы даволі высокія. Калі проста паглядзець на статыстыку выпуску, без сэзоннага фактару, то з кастрычніка мінулага году прамысловасьць знаходзіцца ў стагнацыі, а за ёй і гандаль. Дасягнутая столь прамысловых магчымасьцяў, далей нарошчваць выпуск не атрымліваецца», — кажа Анатоль Харытончык.

Таксама, згодна са статыстыкай, расьце раздробны гандаль — плюс 9,9% (за год, студзень да студзеня). Аднак і там рост запавольваецца.

«Рост запавольваецца чатыры месяцы запар. Аб’ём раздробнага гандлю высокі. Рост падтрымліваецца нарошчваньнем заробкаў і мяккімі крэдытнымі ўмовамі. Рост там будзе захоўвацца, але ён будзе затухаць і трапіць у стагнацыю», — даводзіць экспэрт.

Такім чынам, па прагнозах эканаміста, падобнага росту далей ні ў прамысловасьці, ні ў гандлі не прадбачыцца.

Адной з аўтсайдэрскіх галін беларускай эканомікі аглядальнікі Эўразійскага банку назвалі будаўніцтва — мінус 12,8% за год. Таксама ў аўтсайдэры трапіла ІТ — мінус 5,8% у студзені ў параўнаньні са студзенем мінулага году. У гэтай сфэры рэкордна зьнізілася і колькасьць супрацоўнікаў — да 88 тысяч, што можна параўнаць толькі з 2019 годам.

Беларускія ўлады сёлета прагназуюць рост ВУП (кошт усіх вырабленых тавараў і паслуг) на 3,8%. Экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця даюць больш сьціплы прагноз — рост на 2%, у параўнаньні з 3,9% леташняга росту.

«Раней не глядзеў на цэны, цяпер прыглядаюся да акцый»

Свабода пагутарыла зь некалькімі прадстаўнікамі розных сфэраў у Беларусі (прыватны сэктар, ІТ, гандаль), большасьць гаворыць пра падзеньне рэальных прыбыткаў і рост цэнаў.

«Калі раней я асабліва не глядзеў на цэны ў крамах, то цяпер прыглядаюся да розных акцый на тавары. Курс даляра расьце, інфляцыя расьце, і проста адчуваеш, што можаш дазволіць сабе менш», — расказаў адзін з суразмоўцаў.

Іншы суразмоўца, з ІТ-сфэры, кажа, што заробкі «замарозілі», а вось рост цэнаў не, і гэта адчувальна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG