Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шлём сьвету сыгнал SOS». Цапкала, Агурбаш, Лосік і Калаур пра міжнародны заклік да дапамогі


Лягатып праекту SOS.
Лягатып праекту SOS.

Кіраўніца Беларускага жаночага фонду Вераніка Цапкала, удзельніца праекту «SOS» і жонка палітвязьня Дар’я Лосік, ініцыятарка праекту «SOS» сьпявачка Анжаліка Агурбаш і студэнтка Рочэстэрскага ўнівэрсытэту, валянтэрка фонду Ксенія Калаур расказваюць аб праекце «SOS».

Гэта відэазварот, у якім сваякі ахвяраў рэпрэсіўнай машыны заклікаюць да вызваленьня сваіх блізкіх. Мэта праекту — расказаць пра тых, хто цяпер сядзіць у турмах за свабоду.

«Мы мусім падаць сыгнал SOS усёй сусьветнай супольнасьці»

— Лукашэнка заяўляў, што не ваюе з жанчынамі. Гэта лёгка абвяргаецца ня толькі колькасьцю жанчын-палітзьняволеных, але сотнямі і тысячамі лёсаў жанчын, якія трапілі пад рэпрэсіі, маглі страціць дзяцей, былі вымушаныя пакінуць краіну і пачынаць жыцьцё з нуля. І гэта сыгнал SOS, які вы вырашылі зрабіць найбольш гучным. Анжаліка, як ініцыятарка гэтага праекту раскажыце, як узьнікла ідэя, на якую рэакцыю вы разьлічваеце?

Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

Анжаліка Агурбаш: Мы цяпер крыху разгубленыя, бо ня ведаем, як нам цяпер быць і што можна зрабіць для людзей, якія знаходзяцца ў турмах, якія трапілі ў жорны рэпрэсіўнай машыны. Мы абмяркоўвалі гэта паміж сабой і разумелі, што ўнутры краіны цяпер вельмі складана дапамагчы, бо Лукашэнка перакрыў амаль усе магчымыя варыянты дапамогі — немагчыма перадаць перадачы ў турму, немагчымыя кантакты з палітвязьнямі для родных. Знаходзячыся па-за межамі Беларусі, мы, неабыякавыя людзі, жанчыны, якія хацелі б дапамагчы любымі спосабамі такім жа жанчынам, што трапілі ў бяду ў Беларусі, можам толькі дапамагчы эмацыйна, але гэтага цяпер недастаткова.

Мы разумеем, што сытуацыя крытычная. Нельга марнаваць ніводнага дня, бо кожны дзень — яшчэ новыя пакалечаныя лёсы. Кожны дзень знаходжаньня ў турмах — пакалечанае здароўе, псыхіка. І ў размовах узьнікла ідэя, што мы мусім падаць сыгнал SOS усёй сусьветнай супольнасьці.

Ратуйце нас, ратуйце нашых блізкіх, ратуйце Беларусь! Сусьветная супольнасьць, сусьветныя лідэры, кіраўнікі ўсіх праваабарончых арганізацый і фондаў, на нашу думку, абавязаны зьвярнуць на гэта пільную ўвагу. Сыгнал SOS — міжнародны сыгнал, яго падаюць толькі ў крытычных сытуацыях, калі людзі цярпяць сапраўднае бедзтва і просяць дапамогу звонку дзеля таго, каб выратавацца.

Глядзіце цалкам дыскусію на відэа

«Расказаць усяму сьвету, усёй Беларусі, якое беззаконьне чыніцца»

— Дарʼя Лосік, ваш сыгнал SOS гучыць практычна штодня больш за год. Чаму важна, каб галасы пацярпелых ад рэпрэсій пачулі ва ўсім сьвеце?

Дар'я Лосік
Дар'я Лосік

Дарʼя Лосік: Гэта надзвычай важна, бо калі замоўчваць увесь гэты абсурд і беззаконьне, то для ўсіх гэта стане проста нормай. Ніхто ня будзе гэтага заўважаць, усе будуць думаць, што ўсё добра, усе супакоілася і задаволеныя. Што б ні адбылося — не перадалі лісты, не перадалі перадачу — пра ўсё гэта трэба гаварыць. Гэта ня ёсьць нормай. Тым больш калі палітвязьняў, зьняволеных пачынаюць «прэсаваць» у турмах, ствараць ім нечалавечыя ўмовы. Гэта трэба мамэнтальна апублічваць, каб інфармацыя выходзіла на вялікую аўдыторыю, ня толькі беларускую, але і міжнародную. Трэба пра гэта крычаць.

Калі я апублічваю нейкую інфармацыю пра Ігара, празь некалькі дзён усё становіцца лепей. Я расказала, што яму не перадаюць лісты, потым мне паведамляюць, што лісты сталі перадаваць. Я расказала, што ён сядзеў з чалавекам, у якога пэдыкулёз, — празь некалькі дзён правялі санітарную апрацоўку гэтага чалавека. Дзеля таго, каб хаця б, як мінімум, палепшыць іх умовы зьняволеньня і, як максымум, расказаць усяму сьвету, усёй Беларусі, якое беззаконьне чыніцца.

«Накіравалі пазоў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе супраць грамадзяніна Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці»

— Для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій жанчын і быў створаны Беларускі жаночы фонд. Раскажыце пра галоўныя кірункі дзейнасьці фонду.

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала

Вераніка Цапкала: Мы стварылі Беларускі жаночы фонд яшчэ ў кастрычніку летась. Вельмі ганаруся нашай камандай. Гэта каманда валянтэраў, дзяўчат з розных краінаў — Беларусі, Аўстрыі, ЗША, Літвы, Польшчы, Мэксыкі. Ад пачатку галоўнай нашай мэтай быў збор паказаньняў сьведак, жанчын, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Цягам шасьці месяцаў мы зьбіралі паказаньні. На падставе гэтых паказаньняў накіравалі пазоўную заяву ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе супраць грамадзяніна Лукашэнкі паводле артыкулу «Злачынствы супраць чалавечнасьці».

Цяпер мы зьвяртаемся да кіраўніцтва эўрапейскіх краінаў, краінаў, якія падпісалі Рымскі статут, з просьбай пасадзейнічаць у адкрыцьці такой крымінальнай справы. Акрамя гэтага, у рамках фонду мы запусьцілі шэраг ініцыятываў. Найперш гэта праект «Я — палітзьняволеная» на ангельскай і расейскай мове. Гэта дакумэнтальны фільм, у якім мы ад імя зьняволеных жанчын, якія ня могуць гэтага зрабіць, расказваем іхныя гісторыі.

Мы таксама запусьцілі праект «Fashion for freedom». Мы зьвярнуліся да вядомых дызайнэраў і да дызайнэраў-пачаткоўцаў і папрасілі прысьвяціць адну рэч у бягучай ці будучай калекцыі беларускім жанчынам і выканаць іх у белым і чырвоным колерах, тым самы падтрымаць беларускіх жанчын і выказаць сваю салідарнасьць.

У рамках фонду мы пачалі актыўна аказваць псыхалягічную дапамогу. У нас працуюць псыхолягі, да нас зьвяртаюцца пацярпелыя ад рэжыму жанчыны, а таксама жанчыны, якія пакутуюць у сваіх семʼях зь іншых абʼектыўных прычынаў. І новы праект, які мы запускаем, — аказаньне прававой дапамогі. Напрыклад, як дзейнічаць у выпадку, калі прыйшлі зь ператрусам ці ў іншых крытычных сытуацыях.

Празь некалькі дзён анансуем віртуальную выставу пра людзей, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Мы працягваем змагацца за свабоду ў Беларусі і найперш за вызваленьне палітзьняволеных жанчын, якія незаконна знаходзяцца ў турмах і павінны быць неадкладна вызваленыя.

«SOS — мой улюблёны праект у фондзе, бо ён крычыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі»

— Ксенія, як вы сталі валянтэркай Беларускага жаночага фонду, у чым бачыце сваю асноўную задачу, якая была ваша роля ў праекце SOS?

Ксенія Калаур
Ксенія Калаур

Ксенія Калаур: Я вярнулася ў Беларусь з ЗША вясной 2020 году. Так званыя выбары былі маімі першымі выбарамі. Я назірала, як праходзіць перадвыбарная кампанія ў ЗША, і мне было цікава паназіраць, як гэта будзе адбывацца дома. Першапачаткова я не плянавала ўдзельнічаць у акцыях і пратэстах, бо я вывучаю журналістыку і паліталёгію і лічу, што прафэсійная дзейнасьць мусіць ісьці асобна ад актывізму. Але пасьля 9 жніўня я не змагла заставацца ўбаку і пачала дапамагаць ініцыятывам.

Цяпер я не магу нават падлічыць колькасьць праектаў, у якіх я паўдзельнічала. У сакавіку я сама напісала ў Беларускі жаночы фонд. Мне спадабалася канцэпцыя фонду. Я вырашыла, што ў фондзе я знайду аднадумцаў, і з таго часу я пішу артыкулы, раблю пераклады, у траўні я пачала валянтэрыць на «поўную стаўку», стала куратарам некаторых праектаў. У праекце «SOS» я займалася рэдактурай і перакладам субтытраў. Гэта мой улюблёны праект у фондзе, бо ён крычыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Лукашэнка зразумеў, што гэта вялікая сіла, мацнейшая за любую зброю»

— Ізраільская дакумэнталістка Ксенія Сьвятлова мае неўзабаве выпусьціць фільм «Мяккая сіла» пра беларускіх жанчын у беларускай рэвалюцыі. У чым перавагі жаночай, так званай мяккай сілы, Анжаліка Агурбаш?

Анжаліка Агурбаш: Гэта вялікая сіла. Адна жанчына, якая абараняе сваё дзіця, свайго мужа, гэта можна памножыць адразу на тысячу жанчын. У нас цяпер больш за 660 палітычных і яшчэ шмат вязьняў. Памножце гэтыя лічбы на тысячу. Уяўляеце, якое гэта войска, якая гэта сіла? Недарма Лукашэнка моцна спалохаўся гэтай сілы, калі жанчыны ў свой час выйшлі на мірныя жаночыя акцыі пратэсту зь кветкамі ў белым адзеньні. Ён зразумеў, што гэта вялікая сіла, мацнейшая за любую зброю. І гэтай сіле немагчыма супрацьстаяць. Таму пачаліся масавыя рэпрэсіі жанчын і задушэньне жаночых пратэстаў, бо гэта была для яго рэальная пагроза. Бо з жаночай сілай, духам, воляй, з жаночым інстынктам захаваньня сваіх блізкіх і родных нішто параўнацца ня можа.

«Лукашэнку трэба судзіць у міжнародным незалежным судзе»

— Вераніка Цапкала, вы расказвалі на мітынгу ў Менску жахлівую гісторыю арышту і зьдзекаў з вашай маці. Сыстэма была бязьлітасная да жанчын усе 27 гадоў, цяпер толькі гэтыя выпадкі сталі масавымі і маюць шырокі распаўсюд. Раскажыце пра тое, як прасоўваюцца справы аб катаваньнях і зьдзеках з жанчын у справе ўнівэрсальнай юрысдыкцыі?

— Што тычыцца ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, вядома, што былі адпраўленыя індывідуальныя пазовы пацярпелых у Польшчы, Нямеччыне, Літве. Гэта індывідуальныя крымінальныя справы. Што тычыцца Беларускага жаночага фонду, то мы больш факусуемся на міжнароднай юрысдыкцыі, менавіта таму шэсьць месяцаў зьбіралі паказаньні жанчын, якія прайшлі праз катаваньні, гвалт, прыніжэньні. І гэта ўсе накіравана ў Міжнародны крымінальны суд Гаагі.

Мы дакладна разумеем, што ў Беларусі, калі яго будуць судзіць (ён столькі злачынстваў учыніў), Лукашэнку можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне. Але мы ня хочам, каб зь ім нешта здарылася, мы хочам, каб яго судзіў міжнародны незалежны суд, каб ён адбыў пакараньне. Мы вельмі хочам, каб пры жыцьці Лукашэнкі пабачыў, як пасьля ягонага сыходу Беларусь пачне квітнець, пачнуць расьці пэнсіі, заробкі, зьменіцца сыстэма адукацыі, аховы здароўя. Мы хочам, каб ён гэта ўсё бачыў.

Я б вельмі хацела, каб ён сам прыйшоў у Міжнародны крымінальны суд. Мы ведаем гісторыю краінаў, дзе шмат гадоў існавала дыктатура... Думаю, у ягоных інтарэсах, каб яго судзілі ў незалежным міжнародным судзе, а не ў Беларусі, дзе, на жаль, дагэтуль існуе сьмяротная кара.

«Асноўнае — псыхалягічная дапамога»

— Жанчыны ня толькі палітзьняволеныя, але жонкі, маці, сёстры, дочкі палітзьняволеных, і гэты цяжар ня менш цяжкі. Якая падтрымка, дапамога, салідарнасьць патрэбныя ім?

Дарʼя Лосік: Я буду гаварыць не пра сябе, а пра іншых жанчын, якія апынуліся ў такой сытуацыі. У Беларусі вельмі складана дапамагчы такім людзям матэрыяльна, перадачамі, рэчамі. Асноўнае — псыхалягічная дапамога. Патрэбна прафэсійная псыхалягічная дапамога, каб чалавек быў працаздольным. Першыя два-тры месяцы я не была такой рашучай і сьмелай. Мне таксама было страшна, я была ў дэпрэсіі і, пакуль мне не аказалі неабходную дапамогу, я нічога рэальна не магла зрабіць. Усіх людзей, якая апынуліся ў такой жа сытуацыі, трэба выцягваць з дэпрэсіі, даць ім штуршок, каб яны маглі змагацца, гаварыць, нешта рабіць для сваіх блізкіх. Для мяне гэта адзін з галоўных пунктаў. Што да тых, хто за кратамі, пра іх трэба ўвесь час гаварыць, ім патрэбны наша дапамога і падтрымка.

«Акрамя патрыярхальнай дыктатуры, у Беларусі ёсьць яшчэ адна вялікая праблема — мізагінія»

— Ці згодныя вы, што беларуская мірная рэвалюцыя — гэта ў тым ліку і змаганьне з патрыярхатам, у якім ёсьць і хатні гвалт, і недаацэньваньне жанчын?

Ксенія Калаур: І так, і не. Так, бо глябальная мэта — прыход дэмакратыі на зьмену патрыярхальнай дыктатуры. Мы актыўна выступаем супраць гвалту любога роду ў адносінах да ўсіх. Не — таму што мне больш падабаецца глядзець на нашу мірную рэвалюцыю і на дзейнасьць фонду ў прыватнасьці як на глябальную жаночую салідарнасьць. Акрамя патрыярхальнай дыктатуры, у Беларусі ёсьць яшчэ адна вялікая праблема — мізагінія. І, на маю думку яны ідзе не ад татальнага патрыярхату.

Нядаўна мая калега, актывістка наша фонду Ніна Фамічова прапанавала выкарыстоўваць тэрмін «латэнтны матрыярхат» у дачыненьні да гендэрнай сытуацыі ў Беларусі. Калі каротка, то ў Беларусі жанчыны стаяць на чале семʼяў, кампаній, жанчыны могуць усё і робяць абсалютна ўсё. І наша рэвалюцыя таму прыклад. Аднак культурныя асаблівасьці прымушаюць глядзець на жанчын як на другасных пэрсанажаў, якія заўсёды маюць патрэбу ў абароне і ва ўхвале.

Жанчыны не прызнаюць, што на чале грамадзтва стаяць яны. За ўсімі моцнымі і пасьпяховымі мужчынамі стаяць жанчыны і з-за заслоны падказваюць ім, што гаварыць і што рабіць. Мы мусім прыняць, што ў нас грамадзтва незалежных, цудоўных і моцных жанчын. І нам ня трэба баяцца выйсьці на сцэну, ня трэба прыкрывацца мужчынамі. Беларуская мірная рэвалюцыя стала нашым сапраўдным пунктам у падарожжы, у якім нам належыць прыняць сябе, навучыцца чуць і падтрымліваць адна адну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG